Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі
Наталлі ШТЭЙНЕР
Ганаровай граматай Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва ўзнагароджаны дырэктар КУП “Валожынскі РКБА” Леанід Васільевіч Акотчык.
Узнагароджванне адбылося напярэдадні прафесіянальнага свята ў Мінску на рэспубліканскім сходзе прадстаўнікоў галіны.
спажыўтаварыстве. А ўсяго населеныя пункты раёна абслугоўваюць 9 магазінаў на колах.
Каштуе сучасны аўтамагазін каля 500 мільёнаў рублёў. Ён ужо выходзіць на лінію: працуе ў Ракаўскім напрамку. У зоне яго абслугоўвання пражываюць амаль 9 тысяч чалавек. Пераважную большасць з іх складаюць дачнікі, колькасць патэнцыяльных пакупнікоў павялічваецца ў вясенне-асенні перыяд.
Пераможцам III Адкрытага рэспубліканскага конкурсу музычнага мастацтва Беларусі “Спадчына” ў сярэдняй групе стаў гурт старадаўняй музыкі “Рарог” Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў.
Стваральніца і нязменны кіраўнік гурта выкладчыца па класе флейты Кацярына Радзівілава расказала, што на конкурсе гурт выконваў 2 беларускія народныя мелодыі. У яго саставе выступалі пяцікласнік Павел Лявінскі (дуда), пяцікласніца Аліна Мішугова (жалейка), трэцякласнік Павел Ройка (жалейка) і вучань другога класа Яўген Трубіш (барабан). Сама настаўніца іграла на дудзе, пры неабходнасці – на скрыпцы.
Існуе “Рарог” больш за дзесяць гадоў. Састаў яго некалькі разоў абнаўляўся. На змену выпускнікам школы прыходзяць новыя вучні. Ранейшае высокае дасягненне – другое месца на Міжнародным конкурсе “Звіняць цымбалы і гармонік”, які ладзіцца ў Паставах.
Некаторыя магазіны ў раёне будуць працаваць толькі ў вясенне-летні перыяд. Праўленне райспажыўтаварыства вырашыла, што ў астатні час года трымаць работніка за прылаўкам немэтазгодна.
З 28 сакавіка аднавіў работу магазін у вёсцы Бузуны, дзе летась быў зроблены касметычны рамонт. У ваколіцах вёскі багата дачных і садаводчых таварыстваў, члены якіх карыстаюцца паслугамі дадзенай гандлёвай кропкі. А для работы ў вясковым магазіне ў Кіяўцы падбіраюць чалавека. У зімовы час тут пражываюць толькі чатыры вяскоўцы, прадукты і іншыя тавары якім дастаўляюць аўтамагазіны.
На працягу навучальнага года ў школах раёна праходзіла інтэлектуальна-творчая гульня “Пароль – акцябронак: маленькія зорачкі вялікай краіны”, умовы якой былі змешчаны ў рэспубліканскай газеце “Зорька”.
На раённым этапе конкурсу перамагла акцябрацкая група “Светлячок” Дорскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа.
У сакавіку падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу “Лепшы сельскі комплексны прыёмны пункт”.
У нашым раёне працуюць 11 сельскіх комплексных прыёмных пунктаў. У конкурсе прымаў удзел Вішнеўскі КПП, які ўзначальвае адзін са старэйшых работнікаў калектыву бытавікоў — Леакадзія Віктараўна Якубель. Браліся да ўвагі вытворчыя паказчыкі, спектр аказваемых бытавых паслуг, культура абслугоўвання насельніцтва. Вішнеўскі прыёмны пункт увайшоў у пяцёрку лепшых у рэспубліцы.
На базе гімназіі № 1 прайшоў чэмпіянат раёна па настольным тэнісе, у якім прынялі ўдзел 8 мужчын і 7 жанчын.
Чэмпіёнамі раёна сталі дырэктар ДЮСШ Дзмітрый Ажарэльеў і вучаніца Ракаўскай СШ Настасся Патоцкая. Другое і трэцяе месцы ў мужчын заваявалі трэнер-выкладчык ДЮСШ Аляксей Лях і работнік аўтапарка № 14 Аляксандр Болвах. Сярод жанчын другое месца на рахунку гімназісткі Вікторыі Барахоўскай, трэцяе – студэнткі адной з ВНУ жыхаркі Валожына Сняжаны Ланько. Лепшыя тэнісісты ўзнагароджаны грашовымі прызамі і граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.