Багацце лясоў прымнажаецца

Общество

У канцы сакавіка – пачатку красавіка ў раёне прайшоў традыцыйны “Тыдзень лесу”, падчас якога аматары прыроды змаглі паўдзельнічаць у пасадках саджанцаў. Сёлетняя дабрачынная акцыя прайшла пад дэвізам “Пасадзі дрэва ў гонар Вялікай Перамогі”.

Акрамя мясцовых жыхароў, работнікаў лясгаса, членаў школьных лясніцтваў да мерапрыемства далучыліся і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў рэспублікі. Гэта стала магчымым дзякуючы ААТ “Контэ Трэйд”, супрацоўнікі якога актыўна адгукнуліся на акцыю. Усяго ж у пасадцы лесу прынялі ўдзел больш за тысячу чалавек. Плошча, якую ім удалося засадзіць, складае 14,7 гектара.

На тэрыторыі Валожынскага лясніцтва, непадалёку вёскі Ганчары закладзена будучая дубрава. Маладыя дубы, елкі і лістоўніцы высаджаны ў Ракаўскім і Вішнеўскім лясніцтвах. Пастаяннае месца “жыхарства” атрымалі 64200 саджанцаў.

У межах “Тыдня лесу” прайшлі і работы па добраўпарадкаванню. Восем лясных участкаў агульнай плошчай 23,8 гектара ачышчаны ад хламу, адрамантаваны і абноўлены 7 месцаў адпачынку. А на тэрыторыі Валожынскага лясніцтва пабудаваны новы аб’ект для тых, хто жадае правесці свой вольны час на ўлонні прыроды.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий