Апантаныя адкрыццямi

Официально

У час вясенніх канікулаў прайшоў заключны тур XII раённай навукова-практычнай канферэнцыі вучняў “Юны даследчык”.

На суд журы былі прадстаўлены 33 работы. Удзельнікі канферэнцыі разбіраліся, як зэканоміць месца на дыску, ці ўяўляюць навушнікі небяспеку для здароўя чалавека, аб чым распавядаюць нашы мянушкі, які ўплыў чыгуначнай справы на гаспадарку мясцовасці і іншае.

Паўтары гадзіны ішла работа ў пяці секцыях. Юныя ўдзельнікі канферэнцыі раскрывалі таямніцы глінянага гаршка, даследавалі паселішчы баброў у цэнтры Ракава, уплыў сахарозы на марозаўстойлівасць раслін, якасць пітной вады ў аграгарадку Бабровічы, сінонімы ў паэтычнай творчасці Уладзіміра Караткевіча і многае іншае. Многія творчыя даследаванні абараняліся на роднай беларускай мове. Кампетэнтнае журы ацаніла кожную работу і на падвядзенні вынікаў падзякавала ўсім удзельнікам канферэнцыі і іх педагогам-кіраўнікам.

Пакуль журы падводзіла вынікі работы па секцыях, у актавай зале для юных даследчыкаў праводзілася забаўляльная праграма, каб тыя маглі расслабіцца пасля напружанай разумовай працы.

Большасць аўтараў работ былі ўзнагароджаны дыпломамі. У секцыі “Замежныя мовы” дыплом  I ступені атрымалі вучні 7 класа гімназіі № 1 Андрэй Таўгень і Яніна Сасноўская за работу “Месца, дзе ўсё пачынаецца…” па рамане Агаты Крысці “Забойства Роджара Экройда”. У секцыі “Хімія. Біялогія. Геаграфія” дыпломам I ступені быў узнагароджаны вучань 6 класа Пяршайскага ВПК Яраслаў Мянцюк за работу “Уплыў соку алоэ на прарастанне каранёў у чаранкоў колеуса”. Дарэчы, старшыня журы С. В. Федарака адзначыла, што Яраслаў з’яўляецца знаходкай сёлетняй канферэнцыі, менавіта так, як гэта робіць ён, трэба праводзіць і абараняць сваё даследаванне. Яна парэкамендавала і далей мэтанакіравана працаваць з гэтым вучнем.

У рабоце секцыі “Матэматыка. Інфарматыка. Фізіка” прыняў удзел сямейны клан: Мікалай (9 клас) і Максім (6 клас) Баркоўскія з гімназіі № 1 і іх дваюрадная сястра Паліна Жук (5 клас) з СШ № 1. Яны прадставілі свае праекты на суд строгага і патрабавальнага журы. Работа Мікалая “Камп’ютарная гульня “LetKey” была адзначана дыпломам  I ступені. Максім і Паліна таксама атрымалі дыпломы. Між іншым, дзяўчынка была самай юнай удзельніцай канферэнцыі. Любоў да дакладных навук дзецям перадалася ад бацькоў і ад дзеда, апантанага знаўца матэматыкі.

Па выніках работы секцый “Руская мова і літаратура. Беларуская мова і літаратура” і “Гісторыя. Грамадствазнаўства. Працоўнае навучанне” дыпломы I ступені атрымалі па дзве работы. Гэта даследаванні “Кровь застыла пятном, густым и багряным…” (колерапісанне вайны ў аповесці К. Д. Вараб’ёва) вучаніцы 8 класа гімназіі № 1 Дар’і Тышкевіч і “Традыцыйныя каштоўнасці ў прасторы міжкультурнага дыялогу (супастаўленне прыкмет і павер’яў Беларусі і Германіі)” вучаніц 9 класа СШ № 1 Марыі Садоўскай і Настассі Клімовіч, «Мнагадзетная сям’я і мы” вучня 9 класа гімназіі № 1 Кірыла Дуж і «Пра што расказваюць узоры (асаблівасці сімволікі арнаменту Валожынскага раёна)» вучаніц 9 класа СШ № 1 Юліі Пятровіч і Ангеліны Стэльмаховіч.

Пераможцы раённай навукова-практычнай канферэнцыі будуць прадстаўляць раён на абласным этапе конкурсу. Спадзяёмся, што іх уменне аналітычна думаць, глыбока пагружацца ў тэму дапаможа перамагчы. Хочацца пажадаць ім дайсці да рэспубліканскага ўзроўню і адтуль таксама выйсці пераможцамі.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий