Палы не спыняюцца

Закон и порядок

Ужо неаднаразова Міністэрства па надзвычайных сітуацыях напамінала – сельскагаспадарчае выпальванне сухой расліннасці забаронена!

Аднак некаторыя грамадзяне перасцярогу ігнаруюць. Сёлета ў нашым раёне адбылося 50 узгаранняў з-за выпальвання сухой травы.

У вёсцы Лінькі гаспадар паліў смецце, агонь перакінуся на склеп. Узгаранне патушыць удалося, але полымя паспела нанесці некаторыя пашкоджанні пабудове.

У Дубашах сусед суседу пусціў не наўмысна “чырвонага пеўня”: іскры ад кастра занесла ветрам на суседскую гаспадарчую пабудову, якая і згарэла. Падобны выпадак адбыўся ў Лаўскім Бродзе, праўда там шкоду сабе нанёс гаспадар сам.

Неўстаноўленая асоба ў Пяршаях на могілках паліла смецце. У выніку згарэў прыватны хлеў, які знаходзіўся непадалёку. Добра, што абышлося без чалавечых ахвяр. У іншых рэгіёнах рэспублікі зарэгістраваны і смяротныя выпадкі падчас веснавога палу расліннасці.

Выпальванне сухой травы можа нашкодзіць ужо адным толькі дымам, які ўтрымлівае вялікую колькасць вуглякіслага газу, шкоднага для здароўя. Для людзей жа з захворваннямі органаў дыхання гэты дым і наогул смяротна небяспечны. Устаноўлена, што масавае выпальванне травы вясной забруджвае паветра ў такой жа ступені, як пры самых моцных пажарах тарфянікаў.

Работнікі Валожынскага РАНС праводзяць рэйды і напамінаюць жыхарам, што выпальванне сухой травы – недапушчальна! Пры выяўленні палаў, пастарайцеся патушыць іх уласнымі сіламі. Калі ж гэта немагчыма, то тэрмінова паведамляйце аб узгаранні ў МНС па тэлефоне 101, работнікам лясной гаспадаркі, міліцыі або ў бліжэйшы сельвыканкам.

 Валожынскі РАНС



Добавить комментарий