Замкi падвялi

Закон и порядок

За кароткі тэрмін у райцэнтры абкрадзены дзве кватэры. “Почырк” злачынстваў падобны: у час, калі гаспадары адсутнічаюць, зламыснік пранікае ў іх жыллё шляхам узлому так званага “кнопачнага” замка. Ахоўная сігналізацыя ў абаіх выпадках адсутнічала. 

На дадзены момант следчая група вядзе аператыўную работу, украдзеная маёмасць пакуль што не знойдзена. Злодзей ці група забіралі тое, што лёгка можна схаваць і збыць: беларускія рублі, валюту, залатыя ўпрыгожанні. Агульная сума ўкрадзенага па апошнім факце, які адбыўся ў мікрараёне “Папоўка”, – 20000000 рублёў.

Хроніка падзей разварочвалася наступным чынам: пацярпелая, як звычайна, пайшла раніцай на работу, а ў абедзенны перапынак выявіла, што замок на ўваходных дзвярах папсаваны, а ў кватэры пабывалі нязваныя “госці” і вынеслі самае каштоўнае. Рэчы захоўваліся не навідавоку, але, як вядома, няма той схованкі, якую б нельга было адшукаць.  

Дарэчы, пад’езд, дзе адбылася кража, зачыняўся на кодавы замок. Па логіцы, пабочныя людзі сюды так проста зайсці не маглі. Між тым апытанне паказала, што ніхто з жыльцоў гэтай шматпавярхоўкі і суседніх увагі на незнаёмцаў, якія круціліся б у іх дварах, не звярталі.

Каб не дапусціць паўтарэння падобных выпадкаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў раяць усім грамадзянам паклапаціцца, каб іх дамы і кватэры запіраліся на сучасныя, надзейныя замкі, а яшчэ лепш абсталявалі жыллё ахоўнай сігналізацыяй. Траты на яе ўстаноўку непараўнальна меншыя, чым урон, які можа прычыніць злодзей. Неабходна праяўляць пільнасць і ў адносінах да чужакоў, па магчымасці цікавіцца, з якой мэтай яны прыйшлі, запамінаць іх выгляд.

 

Калі вам што-небудзь вядома пра ўчыненыя крадзяжы, або маеце нейкія падазрэнні наконт гэтых злачынстваў, то тэлефануйце на нумары 102 або 54274. Кансультацыю наконт устаноўкі ахоўнай сігналізацыі ў дамах і кватэрах можна атрымаць па тэлефоне 55671.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий