Цёплы дом

Культура

Людзям, якім зараз семдзесят ці больш, давялося на сваім вяку назіраць самы пік імклівага развіцця тэхнічнага прагрэсу.

У дзяцінстве Таццяна Уладзіміраўна Цімаховіч, як і іншыя яе равесніцы, асвойвала кросны, цяпер жа ўпраўляецца са складанай бытавой тэхнікай.

“Наша пакаленне патомкі яшчэ не раз успомняць і здзівяцца: нарадзіліся пад саламянымі дахамі, урокі рабілі пры газавых лямпах і верылі, што з кожным годам жыць будзем лепш. Так і выйшла! – разважае жанчына. – Прылаўчыліся да сучасных выгод, але, каб прыйшлося, не прапалі б без электрычнасці, без крамнага адзення і хлеба. Здольныя мы да ўсяго…”

Таццяна Уладзіміраўна дастае з шафы свой першы заробак: ільняны абрус, які ёй, дзесяцігадовай дзяўчынцы, уручыла суседка за тое, што дапамагала ткаць. Пакуль жанчына рупілася па гаспадарцы, Таня сваімі маленькімі, кволымі пальчыкамі старанна перабірала ніткі пад узор і ні разу не памылілася. Посцілкі-перабіранкі і зараз захоўваюцца, але ўжо ні як прадмет побытавай неабходнасці, а як сямейная рэліквія. “Гэта дубінскі ўзор! – тлумачыць жанчына і ласкава гладзіць шурпатую каляровую тканіну. – Я ж з той вёскі, там нарадзілася… У Маршалкі пераехала, калі замуж выйшла”.

Замужжа аказалася ўдалым: нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Нездарма кажуць, што муж і жонка – найлепшая суполка. Цімаховічы, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, знайшлі агульны інтарэс – займаюцца дэкорам на ўласным падворку і ў хаце. Зацэментавалі дарожкі, якія вядуць ад брамкі да дома і ад парога да гаспадарчых пабудоў, паставілі добрую агароджу і замянілі традыцыйныя вокны на шклопакеты.

Памятаеце, у казцы пра Бураціна ў каморцы таты Карла быў замаскіраваны пад вогнішча ўваход у лялечны тэатр? Нешта падобнае прыдумалі і Цімаховічы. Адна сцяна на кухні з сюрпрызам: адразу і не здагадаешся, што яна складаецца з дзверцаў, за якімі схаваны паліцы для рознага хатняга начыння, прадуктаў.

Але самае цікавае ў пакоі – печ. Многія цяпер адмаўляюцца ад гэтага калісь нязменнага атрыбута вясковай хаты, а вось Цімаховічы пайшлі іншым шляхам. Адшукалі добрага майстра і пераклалі печ на новы лад. Стала яна больш кампактнай, але захавала ўсе неабходныя функцыі, нават цёплы ляжак ёсць. Чырвоная гладкая цэгла з чорнай акантоўкай не патрабуе пабелкі, бо і так выглядае эстэтычна і акуратна. Гаспадары прызнаюцца, што цяпер да іх у хату людзі прыходзяць, каб зняць “мерку” з печы і скласці ў сябе такую ж.

На кухні ў Цімаховічаў “суседнічаюць” даўнейшы калаўрот і сучасная пральная машына-аўтамат. Пакуль мыецца бялізна, гаспадыня, прысеўшы на палок каля печы, роўненька выводзіць нітку пад шапаценне даўнейшага кола.

Калісьці Таццяна Уладзіміраўна працавала даяркай, потым была малаказборшчыцай. Адышоўшы ад грамадскіх спраў, зноў успомніла навуку, якую атрымала ад маці: прасці, ссукаць ніткі, вязаць на прутках.

Існуе меркаванне, што ў старасці твар чалавека адлюстроўвае яго душу. Таму адных людзей маршчыны псуюць, а іншым надаюць своеасаблівую прывабнасць. Калі меркаванне мае рацы, то жыццё  Таццяна Уладзіміраўна пражыла прыгожа: яна захавала знешнюю прывабнасць, заўсёды, нават пры капанні бульбы, акуратна выглядае, мае ласкавы позірк, умее гасцінна сустрэць людзей.

«Мы з мужам радуемся, калі чуем, што адчыняюцца ўваходныя дзверы ў нашу хату! – прызнаецца жанчына. – Гадаем: можа гэта хто з сыноў, якія жывуць далёка ад бацькаўшчыны, або любімыя ўнукі? Чакаем дачку – нашу галоўную памочніцу. Яна жыве ў суседняй вёсцы і, як толькі выпадае вольная хвілінка, спяшаецца да нас. Ды і любога, хто завітаў у наш дом, сустрэнем з цеплынёй…»

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий