У калекцыi – карцiна Рушчыца

Культура

Белгазпрамбанк папоўніў сваю карпаратыўную калекцыю працамі класікаў нацыянальнай школы жывапісу – Фердынанда Рушчыца і Станіслава Жукоўскага. У прыватнага калекцыянера з Беларусі былі набыты пейзажы Рушчыца «Адрына і прасла для сена» (1899) і Жукоўскага «Адліга. Свіслацкая пушча» (1935).

Новыя набыткі Белгазпрамбанка характэрныя тым, што яны значна пашырылі канцэпцыю карпаратыўнай калекцыі. Першапачаткова яна была прысвечана спадчыне мастакоў Парыжскай школы з Беларусі, зараз калекцыя заклікана адлюстроўваць спецыфіку больш глабальнага праекта «Арт-Беларусь». Яе мэта – паказаць працэс развіцця культуры нашай краіны ва ўсёй яго паўнаце і бесперапыннасці. Сёння фарміраванне калекцыі звязана з вяртаннем у культурны кантэкст незаслужана забытых імёнаў беларускіх мастакоў, якія належаць да розных гістарычных эпох.

Уклад Фердынанда Рушчыца (1870-1936) у мастацтва Беларусі, Літвы і Польшчы цяжка пераацаніць. Менавіта ён у 1919 годзе арганізаваў мастацкі факультэт адроджанага тады Віленскага ўніверсітэта.

У вёсцы Багданава Валожынскага раёна знаходзіцца магіла мастака, тут плануецца стварэнне мемарыяльнага музея яго імя. Да набыцця Белгазпрамбанкам у Беларусі захоўвалася толькі адно палатно Рушчыца ў фондавым зборы Нацыянальнага мастацкага музея.

На палатне «Адрына і прасла для сена» намаляваны наваколлі Багданава, дзе знаходзіўся радавы маёнтак майстра і дзе ён стварыў лепшыя са сваіх твораў.

 

Фердынанд Рушчыц – майстар рамантычнага пейзажа. У 1892-1897 гадах навучаўся жывапісу пад кіраўніцтвам І. Шышкіна і А. Куінджы ў імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Браў удзел у выставах аб’яднання «Свет мастацтва», таварыства польскіх мастакоў мадэрнісцкай арыентацыі «Sztuka». У 1904-1907 выкладаў жывапіс у вучылішчы вытанчаных мастацтваў у Кракаве, у 1907-1908 – прафесар Кракаўскай акадэміі мастацтваў. У 1918-1919 кіраваў стварэннем мастацкага факультэта Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні і быў яго першым дэканам. У 1921 годзе стаў арганізатарам першай афіцыйнай выставы польскіх мастакоў у Гран-Пале ў Парыжы. У сувязі з гэтым быў узнагароджаны французскім ордэнам Ганаровага легіёна. У віленскі перыяд працаваў старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці, супрацоўнічаў з тэатрам.

 

Матэрыял да друку

падрыхтаваны

па інтэрнэт-звестках



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *