Досыць ленавацца! Час за працу брацца!

Официально

Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» падпісаны Прэзідэнтам краіны А. Лукашэнкам у мэтах стымулявання працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання імі канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў.

Дэкрэтам прадугледжаны абавязак па штогадовай выплаце збору на фінансаванне дзяржрасходаў для тых, хто ў каляндарным годзе не ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічаў у такім фінансаванні менш за 183 дні ў год. Памер збору складае 20 базавых велічынь (зыходзячы з памеру БВ, устаноўленай на 1 студзеня адпаведнага падатковага перыяду).

Размова ідзе аб працаздольных грамадзянах, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.

Вызваляюцца ад выплаты збору грамадзяне, якія прыбылі ў рэспубліку на пастаяннае месца жыхарства пасля 31 сакавіка або выбылі на пастаяннае месца жыхарства з рэспублікі, а таксама грамадзяне Беларусі, якія фактычна знаходзіліся за яе межамі больш за 183 дні.

Дэкрэтам вызначаны перыяды ўдзелу грамадзян у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Гэта перыяды работы па працоўным дагаворы (кантракце), ваеннай службы, вучобы на дзённай форме атрымання адукацыі. Гэта таксама перыяды самазанятасці грамадзян: выканання работ па грамадзянска-прававых дагаворах, ажыццяўлення прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці, дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, іншых відаў дзейнасці пры ўмове выплаты адпаведных падаткаў або збораў; ажыццяўлення адвакацкай або натарыяльнай дзейнасці, вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. У перыяд удзелу ў фінансаванні залічваюцца таксама перыяды, калі грамадзянін не працаваў па ўважлівых прычынах, напрыклад, перыяды зарэгістраванага беспрацоўя; атрымання дзяржаўных пенсій і дапамог (за выключэннем дапамог, маючых аднаразовы характар); часовай непрацаздольнасці; выхавання ў сям’і адным з бацькоў дзіцяці ва ўзросце да 7 гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей.

Перыяды ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў падсумоўваюцца, калі яны не супадаюць па часе. У выпадку супадзення па часе перыядаў улічваецца адзін з іх.

Магчыма сітуацыя, калі перыяд удзелу грамадзян у фінансаванні дзяржаўных расходаў – менш за 183 каляндарныя дні. Грамадзяне вызваляюцца ад выплаты збору, калі яны мелі даходы і заплацілі падаткі, напрыклад, падаходны падатак з фізічных асоб у памеры 20 базавых велічынь і больш (адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання). Пры выплаце падаткаў у памеры менш як 20 базавых велічынь сума збору змяншаецца на сумы выплачаных падаткаў.

    Дэкрэт распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, што ўзніклі з 1 студзеня 2015 года.

 

МЕРКАВАННЕ

Мар’яна Шчоткіна, міністр працы і сацыяльнай абароны:

«Кожны грамадзянін нашай краіны павінен выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі па ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў».

 

Віктар Чайчыц, старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў:

«Немагчыма жыць у грамадстве і быць незалежным ад яго. Аднак некаторыя бачаць сваю незалежнасць менавіта ў тым, каб жыць за кошт грамадства, а іншыя, наадварот, уласнай працай паляпшаюць не толькі сваё жыццё, але і жыццё грамадства ў цэлым. Дэкрэт нумар 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» якраз і накіраваны на тое, каб спыніць утрыманства за кошт іншых. Кожны павінен уносіць свой пасільны ўклад».

 

 

ДЛЯ ДАВЕДКІ

Паведамленні аб выплаце збору на дзяржрасходы ўручаць да 1 кастрычніка 2016 года, разлічыцца трэба да 15 лістапада. Сума будзе зменшана на 10 працэнтаў, калі плацельшчыкі збору з 1 жніўня і не пазней за 31 мая года, які ідзе за мінулым падатковым перыядам, паведамяць у падатковы орган па месцы сваёй рэгістрацыі аб няўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзеле ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні. На 10 працэнтаў менш трэба будзе выплаціць і тым, хто на падставе паведамлення разлічыўся да 1 ліпеня года, што ідзе за мінулым падатковым перыядам.

 

 

 

 

 

Ці павінна плаціць збор непрацуючая маці траіх непаўналетніх дзяцей, як толькі самаму старэйшаму дзіцяці споўніцца 18 гадоў, калі яна не працаўладкуецца?

 

– Перыяд удзелу ў фінансаванні дзяржрасходаў для шматдзетнай сям’і абмежаваны ўзростам надыходу паўналецця самага старэйшага з траіх дзяцей. Маці пасля дасягнення паўналецця найстарэйшым дзіцем у выпадку яе няўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў абавязана будзе выплаціць збор. Пры гэтым, калі ў сям’і выхоўваецца хаця б адно дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, яна па-ранейшаму будзе прызнавацца ўдзельніцай фінансавання дзяржрасходаў, гэта значыць не будзе выплачваць збор. Дэкрэтам прызнаецца ўдзельнікам фінансавання дзяржаўных расходаў адзін з бацькоў (усынавіцеляў, апекуноў і інш.), які выхоўвае дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей. З улікам норм Канстытуцыі аб раўнапраўі мужчын і жанчын у сямейных адносінах рашэнне аб выплаце збору адным з бацькоў павінна прымацца сям’ёй.

 

 

Вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі вяскоўцамі вызваляе ад выплаты збору?

 

– Норма аб вызваленні ад выплаты збору асоб, якія пражываюць у сельскай мясцовасці або пасёлку гарадскога тыпу і вядуць асабістую падсобную гаспадарку, прадугледжана пунктам 5.11 дэкрэта № 3. Перыядамі ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў лічацца перыяды, на працягу якіх грамадзянін, зарэгістраваны па месцы жыхарства ў сельскім населеным пункце, пасёлку гарадскога тыпу, вёў асабістую падсобную гаспадарку. Факт і перыяд вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі грамадзянінам, якому (членам сям’і якога) для гэтых мэт прадастаўлены зямельны ўчастак, пацвярджаюцца сельскім (пасялковым) выканаўчым і распарадчым органам.



Добавить комментарий