Пажаданнi грамадзян без увагi не засталiся

Закон и порядок

Нядаўна супрацоўнікамі РАУС праведзены комплексны аналіз заўваг і прапаноў грамадзян аб павышэнні эфектыўнасці ў рабоце. Да ўвагі бралася апытанне па гэтай тэме, публікацыі раённай газеты, паведамленні, якія паступалі на інтэрнэт-сайт райвыканкама. Грамадская думка дасканала вывучана, прыняты адпаведныя меры.

З улікам пажадання жыхароў раёна супрацоўнікі міліцыі штодзённа выяўляюць такое парушэнне грамадскага парадку, як распіванне алкагольных напіткаў. У Валожыне за апошні месяц прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 5 чалавек.

У якасці дадатковых заняткаў у сістэме службовай падрыхтоўкі асабовага саставу праводзяцца ўрокі прафесіянальнай этыкі. Выяўляюцца і караюцца факты раўнадушша, фармалізму, грубасці і нетактоўнасці ў дзейнасці супрацоўнікаў РАУС.

Больш высокі ўзровень дасягнуты ў рабоце з бацькамі, чые непаўналетнія дзеці знаходзяцца без нагляду дарослых на вуліцы пасля 23.00. Трое грамадзян ужо атрымалі заўвагі за нядобрасумленнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў.

Для забеспячэння бяспекі руху аддзяленнем ДАІ ўстаноўлены абмежавальнікі хуткасці на вуліцах райцэнтра, вёсак Адамова, Брылькі. Усяго ж у гэтым годзе зафіксаваны 465 парушэнняў хуткаснага рэжыму вадзіцелямі аўтатранспарту. Жорстка сочаць даішнікі і за такой з’явай, як знаходжанне за рулём у стане алкагольнага ап’янення. У Валожыне выяўлены 4 такія кіроўцы, у Ракаве – 5, у Івянцы – 1.

У КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” накіраваны дакументы аб неабходнасці добраўпарадкавання нерэгулюемых пешаходных пераходаў і веласіпедных дарожак. У першую чаргу ў вёсцы Паморшчына, каля санаторыя “Іслач”, каля Ракава. Дарожна-будаўнічым службам накіравана прадпісанне аб абсталяванні двума пешаходнымі пераходамі вёскі Брылькі, а таксама плошчы Свабоды ў Ракаве каля ўніверсама “Ракаўскі”.

Атрымала ўказанні і камунальная служба: на ўчастку вуліцы Юбілейнай у Ракаве ім неабходна было рабіць гравійна-пясчаную падсыпку. На дадзены момант работы выкананы.

Засталася пакуль што не вырашана да канца такая прапанова грамадзян, як выкараненне незаконнай рэалізацыі алкаголю. Адказныя супрацоўнікі РАУС ужо атрымалі заданне актывізаваць работу і забяспечыць яе выніковасць.

Сяргей ЛАТЫШАЎ,

начальнік міліцыі

грамадскай бяспекі РАУС



Добавить комментарий