Рэгiянальныя навiны

Люди и судьбы

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

 

У гэтыя красавіцкія дні ў раёне працягваецца добраўпарадкаванне населеных пунктаў, воінскіх пахаванняў, мемарыялаў і брацкіх магіл. Арганізавана пасадка дрэў. У акцыі прымаюць удзел работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, актывісты БРСМ, школьнікі, работнікі жылкамунгаса.

Пасля таго, як на стадыёне воінскай часці райцэнтра былі выяўлены рэшткі закатаваных у вайну жыхароў Валожынскага гета, было вырашана добраўпарадкаваць гэта месца, зрабіць своеасаблівы мемарыял. Некалькі дзён на мінулым тыдні там вялася пасадка дрэў. Футбольнае поле разбіта як бы на тры сектары, дзе высаджаны больш за 200 маладых клёнаў, дубкоў, у сярэдзіне – елкі, а па перыметру – бярозкі. Другі этап добраўпарадкавання прадугледжвае будаўніцтва дарожкі да помніка “Смуткуючая маці”.

9 красавіка на хутары Лапіцы ў Дорскім сельсавеце, жыхары якога былі спалены ў гады Вялікай Айчыннай вайны, таксама была высаджана Алея памяці. На пасадцы дрэў былі задзейнічаны работнікі Дорскага сельвыканкама і Дорскай сярэдняй школы, 15 чалавек асабовага саставу воінскай часці 30695, члены БРСМ і ідэалагічныя работнікі.

 

   У нашым раёне налічваюцца 32 аграсядзібы. У розны час 10 з іх атрымалі крэдытную падтрымку ад аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у Валожыне. Летась банк аказаў крэдытаванне аграсядзібе “Ганка”.

У бягучым годзе на карце раёна з’явілася новая аграсядзіба – “Малыя Налібокі” ў вёсцы Яцкава-Млынавыя Валожынскага сельсавета. Яе гаспадар Аляксандр Саладоўнікаў абышоўся без банкаўскага крэдытавання.

 

   Пасля дастаткова вялікага перапынку ў раёне адраджаецца ДТСААФ. Яго старшынёй зацверджаны дырэктар некалішняй Сугваздаўскай базавай школы Аляксей Віктаравіч Старыкевіч.

Размесціцца арганізацыя, якая будзе займацца патрыятычным выхаваннем моладзі, развіваць тэхнічныя віды спорту, у памяшканні былой школы-інтэрната.

 

    Прынята рашэнне райвыканкама аб выдзяленні 10 мільёнаў рублёў на выданне калектыўнага зборніка членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” “Помнім і жывём”.

Гэта прыкладна трэцяя частка неабходнай сумы, але кніга падрыхтавана і ўжо знаходзіцца ў мінскім выдавецтве “Чатыры чвэрці”. Кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Рунь” Валянціна Гіруць-Русакевіч разлічвае, што неабходная сума будзе сабрана, дзякуючы нераўнадушным людзям, спонсарам. Хочацца, каб новы зборнік аб’ёмам каля двухсот старонак убачыў свет да 9 Мая. Ён прысвячаецца 70-годдзю Вялікай Перамогі, 75-годдзю ўтварэння раёна і 615-годдзю Валожына. У асноўным складаецца з вершаў на беларускай і рускай мовах.

 

    38 школьнікаў прынялі ўдзел у першынстве раёна па настольным тэнісе сярод хлопчыкаў і дзяўчынак 2003-2004 гадоў нараджэння і 2005 года нараджэння і маладзейшых. Спаборніцтвы праходзілі ў спартыўнай зале гімназіі.

У старэйшай падгрупе лепшай сярод дзяўчат была Вераніка Дзянісік з Ракава. Другое і трэцяе месцы заваявалі Вольга Капыша з Гародзькаўскай СШ і Настасся Рагель з гімназіі. У хлопчыкаў лепшым тэнісістам стаў Эдвін Клімантовіч з Ракаўскай СШ. На другім і трэцім месцах яго таварышы па камандзе Данііл Жашкевіч і Канстанцін Казак. Сярод самых юных удзельнікаў спаборніцтваў перамогу святкавала Ангеліна Ашмянская, у тройцы прызёраў Дар’я Кашэўская і Дзіяна Ліхтаровіч (Ракаўская СШ). Лепшым сярод хлопчыкаў быў Мацвей Ліхтаровіч з Ракава. Другое і трэцяе месцы заваявалі  гімназіст Аляксандр Мянцюк і Аляксандр Бялоў з Ракаўскай СШ.

 

Падведзены вынікі падпісной кампаніі на другі квартал бягучага года.

Сярод рэспубліканскіх выданняў лідарам засталася газета “Советская Белоруссия”. На 1 красавіка ў яе 1155 падпісчыкаў.  У “Звязды” – 284, у “7 дней” – 203. На“Сельскую газету” аформлены 164 падпісныя абанементы.  346 экзэмпляраў абласной газеты “Мінская праўда” прыходзяць у раён па падпісцы.



Добавить комментарий