Гучалi народныя песнi

Официально

У СШ № 1 прайшоў фестываль народнай песні. Кіраўніком праекта стала завуч школы Таццяна Пятроўна Паплаўская. 

Перад залай выступіў калектыў роду Лямбовічаў “Крона”, які актыўна працуе ў накірунку адраджэння і захавання народных традыцый Валожынскага краю. Гэта было сапраўднае свята. Песні, музыка, касцюмы, чысцюткая беларуская мова выступоўцаў нібы заклікалі захоўваць і берагчы нашу спадчыну. Гледачы мелі магчымасць пачуць такія ўнікальныя народныя інструменты, як колавая ліра, дуда, акарына. Усім вядомыя скрыпка, гітара, баян, барабан гучалі ў адмысловай традыцыйнай манеры. Выступоўцы прадэманстравалі народны танец “Кракавяк”, далучыцца да якога хацелася кожнаму прысутнаму.

Цікава, што калектыў рознаўзроставы, таму выканаўцы нібы ўступаюць у дыялог з аднагодкамі. Удзельнікі “Кроны” пазнаёмілі дзяцей і дарослых з абрадавымі і каляндарна-абрадавымі народнымі песнямі, прадэманстравалі старадаўнія ўборы, якія некалі насілі на Валожыншчыне. Дарэчы, касцюмы зроблены рукамі ўдзельнікаў калектыву. Яго кіраўнік Лізавета Пятроўская прапанавала правесці ў бліжэйшы час для вучняў школы майстар-клас па ткацтве паясоў, гэтым відам рамяства прадстаўнікі калектыву займаюцца не адзін год. Пераможцам шматлікіх конкурсаў, айчынных і міжнародных фестываляў народнай творчасці зала апладзіравала стоячы.

Канцэрт прадоўжылі выступоўцы з ліку вучняў і педагогаў школы. Беларускамоўныя народныя і сучасныя песні краналі слухачоў мілагучнасцю. Напрыканцы фестывалю  прагучалі словы Пятра Біталя “Шануй чужое аж да пакланення, сваё любі да самазабыцця”, якія трапна адлюстравалі настрой прысутных.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий