Матацыкл – “цацка” небяспечная

Закон и порядок

    З мэтай павышэння ўзроўню бяспекі падчас дарожнага руху, зніжэння цяжкіх наступстваў аварый з удзелам матацыклістаў Дзяржаўтаінспекцыя вобласці праводзіць прафілактычную акцыю “Колаў менш – небяспекі больш!”.

Штогод з надыходам вясенне-летняга перыяду павялічваецца колькасць здарэнняў з удзелам матацыклістаў. Летась адбылося 4 такіх ДТЗ. Два чалавекі загінулі, трое атрымалі цялесныя пашкоджанні. Дзве аварыі ўчынілі п’яныя вадзіцелі матацыклаў.

Хроніку аварый з удзелам мотатранспарту можна апісаць так: сельская мясцовасць, вячэрні змрок, малады чалавек ва ўзросце ад 16 да 23 гадоў без вадзіцельскага пасведчання бярэ чужы матацыкл. Жаданне пракаціцца “з ветрыкам”, памножанае на недастатковыя навыкі кіравання, алкаголь і няспраўнасць матацыкла прыводзяць да непапраўнай бяды.

Нярэдка юны ліхач садзіць пасажыраў і рызыкуе ўжо не толькі ўласным жыццём, але і іхнім. Бывае, што моладзь распачынае між сабой небяспечныя гонкі на хуткасць. Здзіўляе абыякавасць людзей, асабліва бацькоў, да такіх небяспечных забаў дзяцей.

Разлічваючы на свядомасць грамадзян, ДАІ просіць паведамляць па тэлефоне 102 пра любыя факты парушэння Правіл дарожнага руху матацыклістамі.

АДАІ Валожынскага РАУС 



Добавить комментарий