Рэалізуючы на практыцы задачу развіваць асобу дзяцей 5-6 гадоў праз далучэнне да нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на базе ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка” г. Валожына” арганізавана адукацыйная паслуга “Дзіцячае ручное ткацтва”.
У працэсе ткацтва (габеленапляцення) развіваецца дробная маторыка рук, што садзейнічае дакладнай каардынацыі рухаў пальцаў, з’яўляецца вельмі важным пры падрыхтоўцы рукі да пісьма. Ткацтва развівае ў дзяцей зрокавую памяць, садзейнічае фарміраванню ўважлівасці, акуратнасці, заняткі стымулююць фантазію і ўражанне. Не ставіцца пад сумненне роль ткацтва ў развіцці эстэтычных уяўленняў і фарміраванні мастацкага густу.
Гурток наведваюць 13 выхаванцаў. На першым этапе дзеці знаёмяцца з ткацтвам як з адным з відаў старажытнага мастацтва. На наступным этапе работа накіравана на развіццё адчування колеру, кампазіцыі, фактуры матэрыялу. На заключным этапе, практычным, дзеці знаёмяцца з прыёмамі, тэхналогіямі ткацтва, асвойваюць тэхніку работы.
На працягу года ў “Расінцы” праходзяць выставы работ гурткоўцаў. Дзеці ганарацца вынікамі сваёй працы, бацькі атрымліваюць асалоду ад падарункаў, створаных рукамі дачушак і сыночкаў.
Любоў КЕРБЕДЗЬ,
педагог дадатковага выхавання