Агітацыйны прабег

Официально

На Валожыншчыне працягваецца падрыхтоўка да святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі.

У аўторак 14 красавіка ў Валожыне прайшла патрыятычная акцыя, ініцыятарам якой выступіла Беларускае таварыства “Веды” пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ”.

Агітацыйны прабег “И помнит мир спасенный” аб’яднаў у сабе самыя розныя формы і метады данясення інфармацыі – жывое слова, музычнае суправаджэнне, мультымедыйную прэзентацыю, выкарыстанне відэаматэрыялаў.

Удзельнікі акцыі сустрэліся з працоўнымі калектывамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, РУП “Валожынскі жылкамунгас”, вучнямі і настаўнікамі СШ № 1 г. Валожына і Сакаўшчынскай школы-сада. Як аздначыла адказны сакратар раённай структуры “Веды” Людміла Антонаўна Давідовіч, галоўная ідэя мерапрыемства – яшчэ раз напомніць валожынцам аб тым, як ваеннае ліхалецце адбілася на лёсе іх роднай зямлі. Крок за крокам разам з дырэктарам музея Наталляй Паўлаўнай Лоўчай гледачы прайшлі шлях вызвалення Валожыншчыны. Кіраўнік літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч, выкарыстоўваючы паэтычныя вобразы, яскрава раскрыла тэму “вогненных вёсак”. Начальнік інжынернай службы воінскай часці старшы лейтэнант Мікалай Рыгоравіч Фурс распавёў аб гістарычнай ролі ў вызваленні роднай Беларусі 153-й асобнай Кёнінсбергскай ордэна Чырвонай Зоркі радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння.

Прынялі ўдзел у акцыі і самадзейныя артысты РЦК. Да Дня Перамогі арганізатары акцыі плануюць працягваць сустрэчы з працоўнымі калектывамі арганізацый, устаноў культуры і адукацыі раёна.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий