За радком гісторыі

Культура

СЦЯГI I ВЫМПЕЛЫ – ПЕРАМОЖЦАМ

Аб выніках юбілейнага сацыялістычнага спаборніцтва за першы квартал бягучага года:

“Лепшая даярка раёна” – Марыя Уладзіміраўна Фурс з калгаса “17 верасня”, якая надаіла па 864 кілаграмы малака ад кожнай каровы;

“Лепшая свінарка па вырошчванні парасят” – Лідзія Мікалаеўна Сакалоўская з калгаса “Праўда”, якая атрымала ад асноўнай свінаматкі ў сярэднім па 9,6 парасяці;

“Лепшая свінарка па адкорме свіней” – Валянціна Захараўна Сабіла з калгаса “Верны шлях”, якая атрымала сярэднясутачную прывагу кожнай галавы па 545 грамаў;

“Лепшы даглядчык па вырошчванні цялят” – Пётр Антонавіч Бурак з саўгаса “Радзіма”, які атрымаў сярэднясутачную прывагу кожнага цяляці па 779 грамаў пры стопрацэнтнай захаванасці;

“Лепшы даглядчык па адкорме буйной рагатай жывёлы” – Галіна Вікенцьеўна Пятроўская з калгаса імя Леніна, якая атрымала сярэднясутачную прывагу кожнай галавы па 827 грамаў;

“Лепшая птушніца раёна” – Яніна Міхайлаўна Савіцкая з Івянецкага дзяржаўнага племяннога завода, якая атрымала ад кожнай з 3800 курэй-нясушак па 76,9 яйка.

Пераможцам прысуджаны пераходныя вымпелы.

 

КРАСА I ГОНАР

КАЛЕКТЫВУ

 Леанарда Іосіфаўна Валканоўская – ветэран Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі.

За час працы ў строчавышывальным цэху жанчына дасканала асвоіла некалькі прафесій і цяпер перадае набыты вопыт моладзі. Чатыры яе вучаніцы паспяхова асвоілі размалёўку хустак, траіх Леанарда Іосіфаўна навучае пашыву. Выконваючы норму выпрацоўкі на 120 і больш працэнтаў, Л. І. Валканоўская дабіваецца, каб і іншыя працавалі з такім жа паказчыкам. Яна заўсёды адчувае вялікую радасць, калі чарговая партыя вырабаў фабрыкі адпраўляецца ў Маскву, Рыгу, Мінск і іншыя гарады краіны, калі адтуль прыходзяць добрыя водгукі. Такія людзі – краса і гонар калектыву, які за вынікі мінулага года ўзнагароджаны пераходным Чырвоным сцягам РК КПБ і райвыканкама.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

У раённае аб’яднанне “Сельгастэхніка” прыбылі тры трактары Т-74 з піянерскім значком, які намаляваны на кабіне. Гэта першыя машыны, зробленыя трактарабудаўнікамі з сабранага піянерамі Валожыншчыны металалому. Піянерскія трактары атрымалі калгасы імя Мічурына і “Чырвоны сцяг”, саўгас “Залескі”.

    На спаборніцтвах па пяці відах спорту на першынство вобласці сваіх мацнейшых спартсменаў прадставілі дваццаць два калгасы Міншчыны, якія носяць імя Леніна. Спартыўная барацьба вялася за прызавыя месцы па лыжных гонках, стральбе, настольным тэнісе, шашках і лёгкаатлетычным кросе. Каманда калгаса імя Леніна нашага раёна ў агульным заліку па ўсіх пяці відах заняла другое месца і атрымала Грамату абласнога савета ДССТ “Ураджай”.

    Да юбілею Ільіча кожны камсамолец раёна браў павышаныя сацыялістычныя абавязацельствы. Пераможцамі ў іх выкананні сталі – даярка калгаса “17 верасня” Ніна Вяршыцкая, трактарыст калгаса “Запаветы Ільіча” Мікалай Гірэйка, камбайнер сельгасарцелі “1 Мая” Нікадзім Сівы, брыгадзір будаўнічай брыгады перасоўнай механізаванай калоны № 64 Аляксандр Юша, медсястра цэнтральнай раённай бальніцы Ніна Цаюн і многія іншыя. Іх праца адзначана Ганаровымі Граматамі Цэнтральнага Камітэта ВЛКСМ і ЦК ЛКСМБ.

 

НЕ СПЯШАЕЦЦА

НА ПЕНСIЮ

 Складаны лёс выпаў на долю Міхаіла Глінскага. Сямігадовым хлапчуком пайшоў ён у 1907 годзе да багацеяў у парабкі. А што ж заставалася рабіць, калі ў сям’і было дзевяць ратоў і кожны з іх хацеў есці?

Батрачыў маленькі Міша да 17 гадоў. За гэты час пазнаў і голад, і холад, і знявагі. Не было ніякай надзеі на лепшае будучае. І толькі ў гістарычныя дні 1917 года ўспыхнула святло шчасця. Аднак ненадоўга. Заходнюю Беларусь акупіравалі белапалякі. І зноў пацягнуліся доўгія дні і гады надзей. І ўсё ж прыйшло з Усходу доўгачаканае вызваленне. З палёгкай уздыхнуў народ.

Міхаіл Міхайлавіч Глінскі працаваў спачатку ў леспрамгасе, а пасля Вялікай Айчыннай вайны стаў конюхам. Даспадобы прыйшлася яму гэта работа. Не расстаецца з ёй. Коні ў Міхаіла Міхайлавіча заўсёды накормленыя, дагледжаныя. Аб саўгасным клапоціцца, як аб асабістым. Нягледзячы на свой сямідзесяцігадовы ўзрост, М. М. Глінскі не спяшаецца ісці на заслужаны адпачынак, не хоча быць у баку ад імклівай плыні жыцця. Шчыра паважаюць яго аднавяскоўцы за працавітасць, умелыя рукі, што не ведаюць стомы.

ЛЕПШЫМ З ЛЕПШЫХ

У гонар 100-годдзя з дня нараджэння Ільіча лепшым з лепшых працаўнікам раёна ўручаюцца памятныя юбілейныя медалі “За доблесную працу”.

Іх атрымліваюць ветэраны вытворчасці, перадавікі сацыялістычнага спаборніцтва. У раёне медалёў удастоены 3246 чалавек.

Напрыклад, у калгасе “Верны шлях” медалямі ўзнагароджаны старэйшы брыгадзір паляводчай брыгады С. В. Валента, лепшыя даяркі С. С. Гуд і О. Л. Гуд, звеннявая Т. І. Мешкуць, свінарка С. Ф. Вялічка.

 

МАРШРУТЫ

ПРАЦАВIТАСЦI

   Яркай старонкай у летапісе камуністычнага будаўніцтва стаў у раёне дзень Ленінскага камуністычнага суботніка.

Больш  за восемсот рублёў пералічыць у фонд датэрміновага выканання пяцігодкі Івянецкі прамкамбінат. Гэта здабытак рабочых прадпрыемства толькі за адзін дзень – дзень Ленінскага суботніка. Былі выраблены кухонныя буфеты, сталы, гімнастычныя мосцікі, кантэйнеры для гародніны, а таксама іншая прадукцыя. У гэты ж дзень калектыў камбіната сабраў і адправіў на базу сем тон металалому.

З высокім працоўным уздымам выйшлі на суботнік работнікі Белакорацкага лясніцтва. З дзевяці гадзін раніцы да вечара працавалі яны ў гадавальніку, выкапалі і падрыхтавалі для лесапасадак трыста тысяч штук маленькіх сасонак.

    Рабочыя сталярнага цэха Валожынскага камбіната бытавога абслугоўвання падчас Усесаюзнага суботніка выпусцілі 15 аконных пераплётаў, дзесяць дзвярэй, столькі ж шафаў. Выдатна папрацавалі сталяры Аляксандр Жук, Пётр Гаспарэвіч, Іван Ігнатовіч, станочнік Іван Таўгень – усе дваццаць рабочых.

    У Валожынскай СШ № 1 у дзень суботніка разгарнуліся спаборніцтвы паміж класамі за датэрміновае і якаснае выкананне задання. Напрыклад, дзесяцікласнікі складалі дровы на школьным двары. Асабліва старанна працавалі Тамара Гарушка, Мікалай Ліннік, Ірына Радына, Валянціна Саевіч. Піянеры аднавілі 80 кніг з фонду школьнай бібліятэкі. Стараннасцю і акуратнасцю вызначыліся Толя Уланчык, Валя Відзевіч, Сярожа Пілючонак.

ТРАКТАРЫСТЫ

ТРЫМАЛI ЭКЗАМЕН

На конкурс механізатараў у калгас “1 Мая” сабраліся лепшыя трактарысты гаспадарак раёна. Кожнаму неабходна было адказаць на сем пытанняў білета па тэорыі і па практыцы. Веды механізатараў ацэньваліся да ста балаў.

Першыя адказы ўдзельнікаў конкурсу паказалі добрую падрыхтоўку. Трактарысты на большасць пытанняў давалі грунтоўныя, вычарпальныя адказы. Асабліва спадабаліся членам камісіі адказы Віктара Ракаўца (калгас “1 Мая”), Антона Кісліцкага (калгас “Праўда”), Ізідара Супрона (калгас імя Мічурына), Тамаша Гутара (калгас імя Чарняхоўскага).

Пераможцам конкурсу – В. Ракаўцу, А. Кісліцкаму, І. Супрону – уручаны граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі і нарыхтовак.

Граматы таксама атрымалі за добрыя паказчыкі Т. Гутар і трактарыст з калгаса “Верны шлях” М. Залатар. Па выніках конкурсу сямі трактарыстам павышана кваліфікацыя.

 

ПАДПАЛКОЎНIК З ДУШОЙ ПIСЬМЕННIКА

Далёка ад Беларусі да сонечнай Абхазіі, але для Дацікуа Зухбы, падпалкоўніка юстыцыі ў адстаўцы, наша рэспубліка дарагая і блізкая, стала другой радзімай. Трыццаць гадоў жыве ён у Беларусі, дзе ў гады фашысцкай навалы смела змагаўся з захопнікамі.

Нялёгкі, але зайздросны лёс Д. Зухбы. Пасля заканчэння Саратаўскага юрыдычнага інстытута – служба ў Чырвонай Арміі. У ліку першых, разам з пагранічнікамі, прыняў ён удар гітлераўскіх полчышчаў у 1941 годзе. Адрэзаны ад сваіх, арганізаваў групу партызан, якая насіла назву “група ваенюрыста”.

Вясной 1942 года, калі невялікія групы і атрады партызан аб’ядналіся ў Налібоцкай пушчы, Д. Зухба ўзначаліў асобы аддзел партызанскай брыгады імя Чкалава, а ў верасні 1943 года быў зацверджаны начальнікам партызанскай контрразведкі Налібоцкай зоны, з’яўляўся членам бюро Валожынскага падпольнага райкама партыі.

Пасля вайны працаваў ваенным пракурорам. Займаецца літаратурнай дзейнасцю. Яго аповесць-быль раённая газета вырашыла друкаваць на сваіх старонках. Твор расказвае аб падзеях і барацьбе народных мсціўцаў з ворагам на валожынскай зямлі, у гарадскім пасёлку Івянец і яго ваколіцах.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

    133 медыкі нашага раёна з’яўляюцца ўдарнікамі камуністычнай працы, больш за 60 прадстаўлены да ўзнагароджання юбілейным медалём “За працоўную доблесць”. Лепшай медыцынскай установай прызнана Вішнеўская ўчастковая бальніца (галоўны ўрач В. М. Пармон). Граматы райкама прафсаюза медработнікаў на свяце працоўнай славы медыкаў Валожыншчыны ўручаны медсястры з Валожына М. С. Шакун, лабаранту санэпідстанцыі З. Ф. Галалоб, супрацоўнікам Івянецкай другой раённай бальніцы І. П. Вярбіцкай, М. Д. Савіцкай, Г. А. Аланцьевай, санітарцы санэпідаддзела Н. С. Белановіч, акушэрцы Гародзькаўскага ФАПа М. Ф. Гумасавай і інш.

Музей Ф. Э. Дзяржынскага ў Івянцы ў дні школьных канікулаў наведалі піянеры 544-й сярэдняй школы Масквы. Дружына гэтай школы носіць імя вернага саратніка правадыра. Госці падарылі музею бронзавы барэльеф Фелікса Эдмундавіча, два значкі з сілуэтам “жалезнага рыцара” рэвалюцыі. Масквічы павезлі з сабой зямлю з радзімы Дзяржынскага і незабыўныя ўражанні.

    У калгасе “Краіна Саветаў” адбыліся раённыя спаборніцтвы па цяжкай атлетыцы. У выніку барацьбы сярод лёгкавагавікоў на першае месца выйшаў прадстаўнік каманды мясцовай гаспадаркі У. Жамойдзін. Удача напаткала і Л. Алежку з раённага аб’яднання “Сельгастэхніка”, які выступіў у паўсярэдняй вагавой катэгорыі і заняў прызавое месца. Лепшы вынік у цяжкаатлетаў сярэдняй вагі – у І. Сакалоўскага з калгаса “Краіна Саветаў”.

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий