Месца, услаўленае паланезам

Культура

Сёлетні год у культурным асяроддзі праходзіць пад эгідай Міхала Клеафаса Агінскага, з дня нараджэння якога прайшло ўжо два з паловай стагоддзі.

Па ініцыятыве настаўнікаў Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў работнікі культуры раёна пабывалі на радзіме славутага кампазітара ў Залессі, што на Смаргоншчыне. Паездка была цалкам за кошт фінансаў галіновага прафсаюза, арганізацыйныя пытанні рашыла старшыня прафкама, дырэктар раённага музея Наталля Паўлаўна Лоўчая.

Прыкладна 70 кіламетраў аддзяляюць наш горад ад таго месца, дзе нарадзіўся, жыў і тварыў М. К. Агінскі. Таму турыстычная вандроўка часу заняла няшмат – усяго 4 гадзіны, але незабыўных уражанняў пакінула мноства. Экскурсанты даведаліся пра цікавыя факты з біяграфіі кампазітара, гістарычныя звесткі пра род Агінскіх і тую далёкую эпоху. Палац і навакольны парк былі напоўнены гукамі дзівоснай музыкі, якія абуджалі ў наведвальнікаў адпаведны настрой. 

Дырэктар Залескага музейнага комплексу, даведаўшыся, што ў госці збіраюцца валожынцы, падрыхтавала падарунак: дыск з творамі Міхала Агінскага, а таксама буклет з тэкстамі да паланеза “Развітанне з Радзімай”, напісанымі рознымі паэтамі.

Прывезеныя з паездкі сувеніры вырашана перадаць на захоўванне ў дзіцячую школу мастацтва. Магчыма, яны стануць першымі “ластаўкамі” будучай музейнай экспазіцыі гэтай установы.

Падарунак дастаўся нашым работнікам культуры не выпадкова. Дакладна вядома, што ў 1794 годзе атрад касіянераў пад кіраўніцтвам М. К. Агінскага рухаўся праз Валожын у напрамку Івянца. Каля Сакаўшчыны паўстанцы прынялі бой з казакамі і вымушаны былі адступіць. У Вішневе Агінскі мог загінуць, але яго засланіў сабой дзяншчык. Куля толькі прабіла капялюш мяцежнага кампазітара…

Алена ЗБІРЭНКА
Фота прадастаўлена музеем



Добавить комментарий