Мовай выцiнанкi

Культура

На IV абласным свяце-конкурсе “Папяровыя карункі” Валожыншчыну прадстаўлялі Вольга Харлінская, Алена Мурашова з Дораў і Кацярына Мядзелка, Наталля Рэут, Мілана Рэут з райцэнтра.

Яны паказалі сваё майстэрства ў стварэнні ажурных узораў з паперы – выцінанкі. У пачатку мінулага стагоддзя гэта быў самы танны і просты спосаб упрыгожыць свой дом. Сёння выцінанка – адзін з папулярных відаў мастацтва. Цяпер яна ўяўляе сабой складаныя кампазіцыі сюжэтна-тэматычнага характару з расліннымі, архітэктурнымі матывамі, выявамі птушак, жывёл, людзей. Майстры Валожыншчыны – удзельнікі шматлікіх мерапрыемстваў раённых, абласных, рэспубліканскіх выстаў, святаў-конкурсаў.

Дыплом II ступені “За высокае прафесійнае майстэрства і мастацкі густ” прывезла са свята-конкурсу К. Мядзелка. Шасцігадовая Мілана атрымала дыплом “Самы малады ўдзельнік свята-конкурсу”. Цікава, што такі ж дыплом яна атрымала і тры гады таму назад, калі ўдзельнічала ў III рэгіянальным свяце-конкурсе. Лаўрэатамі сталі Н. Рэут, А. Мурашова і В. Харлінская.

Крыху раней на базе Дорскіх школы мастацтваў і дома культуры прайшоў абласны семінар-практыкум па выцінанцы.

Майстры народнага аб’яднання “Скарбніца” В. Харлінская, А. Мурашова, Н. Рэут, К. Мядзелка правялі майстар-класы па выцінанцы. Гэтаму віду творчасці навучаюць у Дорскай школе мастацтваў. Госці наведалі мясцовы Дом культуры, дзе створаны пакой выцінанкі і працуе гурток “Папяровыя цуды”, якім кіруе член Саюза майстроў Беларусі Вольга Харлінская.



Добавить комментарий