з фондаў Вілейскага краязнаўчага музея.
Тут прадстаўлена 20 работ – малюнкі на шкле і маляваныя дываны. Гісторыя апошняй тэхнікі прыпадае на даваенныя і першыя пасляваенныя гады ХХ стагоддзя. Тады цяжка было знайсці сялянскую хату, пакой якой не ўпрыгожвалі “маляванкі”, якія па традыцыі дарылі маладым на вяселлі. Людзі прыходзілі да мастакоў са скруткамі палатна і праз пэўны час забіралі прыгожыя маляваныя дываны – з вялікімі букетамі кветак, сюжэтнымі замалёўкамі, птушкамі. Дываны малявалі звычайна на саматканым ільняным палатне, пафарбаваным часцей за ўсё ў чорны колер. Малюнкі выконваліся адвольнай размалёўкай пэндзлем без папярэдняга грунту клеевымі ці алейнымі фарбамі.
Кранальная пяшчота і прыгажосць кветак, птушак і пейзажаў не можа пакінуць абыякавым сэрца наведвальніка выставы. Вытанчанасць вобразаў на момант заварожвае гледача, які спыніўся ў роздумах каля дзіўных твораў мінулага.
Наталля ЛОЎЧАЯ