Гiсторыю ведаў не па кнiгах

Культура

У кожнага ў жыцці свая дарога,

І ты знайшоў сваю на ўвесь свой век:

Ты – педагог!

Прадмет твой – чалавек!

За лёс яго штодзённая трывога…

Уладзімір Фёдаравіч Краўчанка нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Хадулы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Маці, Праскоўя Іванаўна, і бацька, Фёдар Сцяпанавіч, выхоўвалі шасцёра дзяцей.

У 1941 годзе Уладзімір Фёдаравіч скончыў Шклоўскую дзесяцігодку. У чэрвені 1941 года пачалася вайна. Пяць братоў Краўчанка былі ў розныя гады прызваны ў дзеючую армію. Адзін з братоў не вярнуўся з вайны, прапаў без вестак. Уладзімір Фёдаравіч быў прызваны ў армію Шклоўскім ваенкаматам у чэрвені 1944 года. 12 жніўня 1944 года залічаны ў 1208-ы стралковы полк камандзірам роты.

З успамінаў У. Ф. Краўчанкі:

 

“…Пасля правядзення падрыхтоўкі нас накіравалі вызваляць Літву. Першы бой быў каля горада Марыамполь, недалёка ад прускай граніцы. Тут я быў паранены разрыўнымі кулямі ў абедзве нагі. Пасля лячэння ў шпіталі служыў у армейскім трафейным батальёне. Пасля вызвалення Літвы нашу 33-ю армію пераправілі да г. Любліна для падрыхтоўкі наступлення на Варшаву. 13 студзеня 1945 года пачалося вызваленне польскай зямлі. Мы вызвалялі гарады Лодзь, Познань, Томашув. Савецкія войскі за кароткі час падышлі да граніц Германіі. 33-я армія спынілася на рацэ Одэр. Наша армія мела перавагу ў баявой тэхніцы, падрыхтоўцы байцоў. У ноч на 16 красавіка 1945 года пачаліся баі на подступах да Берліна. Кожная вёска, горад былі ператвораны ў крэпасці, з кожнай хаты, узгорка вёўся агонь. Але супраціўленне ворага было зломлена. Над рэйхстагам залунаў сцяг Перамогі”.

За выдатныя баявыя дзеянні чырвонаармейцу У. Ф. Краўчанку аб’яўлена шэсць пад  зяк. Да 16 студзеня 1945 года за прарыў абароны немцаў на заходнім беразе р. Вісла, 19, 24 студзеня 1945 года за авалоданне гарадамі Каліш, Лодзь, Томашув (Польшча), 31 студзеня 1945 года за авалоданне гарадамі Целюхаў і Швібус (Германія), 27 студзеня 1946 года ўзнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”.

Вайна для Уладзіміра Фёдаравіча скончылася 2 мая 1945 года. Вярнуўшыся дамоў, пачаў вучыцца і працаваць настаўнікам. У 1946-1949 гадах ён працуе ў Стаўбцоўскім раёне дырэктарам Брухачоўскай школы. З 1 жніўня 1949 года назначаны настаўнікам гісторыі ў Пральніцкую НСШ Івянецкага раёна Баранавіцкай вобласці. Адначасова завочна вучыцца ў Баранавіцкім дзяржаўным настаўніцкім інстытуце, пазней заканчвае Мінскі педінстытут, аддзяленне гісторыі.

Але лёс распарадзіўся так, што на ўсё жыццё У. Ф. Краўчанка застаўся ў вёсцы Суднікі. Тут ён уладкаваўся на працу ў Суднікаўскую сямігодку, абзавёўся сям’ёй. Спачатку настаўнічаў, а з 1955 па 1958 год быў дырэктарам школы. У гэты час выдаткавалі сродкі на пабудову новага памяшкання. Будаўніцтва ішло на працягу двух гадоў. Цяпер у гэтым будынку вучацца першакласнікі, знаходзіцца майстэрня. Па ініцыятыве дырэктара школы набываюцца новыя наглядныя дапаможнікі па фізіцы, матэматыцы, спартыўны інвентар, мэбля.

Каля 40 гадоў працаваў Уладзімір Фёдаравіч у школе. Выкладаў гісторыю, працоўнае навучанне, даводзілася пабываць выкладчыкам фізкультуры. На ўроках гісторыі настаўнік знаёміў вучняў з мінулым нашага народа, народаў свету. Вялікую ўвагу надаваў фарміраванню ў вучняў умення працаваць з гістарычнай літаратурай, даваць ацэнку падзеям, якія адбываліся ў свеце. Ён прымаў актыўны ўдзел у вечарынах, якія арганізоўваліся ў школе, быў частым госцем на класных гадзінах.

Цікава і хутка праходзілі ўрокі працы. Настаўнік знаёміў вучняў з элементамі тэхнічнай і сельскагаспадарчай вытворчасці, вучыў вырабляць наглядныя дапаможнікі для кабінетаў. Асаблівай папулярнасцю ў вучняў карысталіся экскурсіі, што праводзіў Уладзімір Фёдаравіч на машынным двары, майстэрні былога калгаса “Камсамолец”. 33 гады быў класным кіраўніком. Цікавыя паходы па родным краі, знаёмства з баявым мінулым аднавяскоўцаў садзейнічалі патрыятычнаму выхаванню школьнікаў.

У. Ф. Краўчанка вёў вялікую грамадскую работу. На працягу 33-х гадоў быў старшынёй пярвічнай арганізацыі “Веды”, кіраваў гурткамі палітычнай і эканамічнай вучобы моладзі. За сваю шматгадовую працу Уладзімір Фёдаравіч узнагароджаны медалём “Ветэран працы”.

Не стала гэтага цікавага чалавека ў 1995 годзе, але памяць аб ім жыве ў нашых сэрцах.

Дзіяна СІВЕЦ,

вучаніца 9 класа Суднікаўскай СШ



Добавить комментарий