З аптымiзмам у душы

Общество

Раённае аддзяленне Беларускага таварыства інвалідаў па зроку сабрала сваіх членаў на справаздачна-выбарны сход падвесці вынікі работы за апошнія пяць гадоў і вызначыцца з новымі планамі.

Абласное аддзяленне БелТІЗ выдзеліла грошы на арганізацыю, сацыяльныя службы і Таварыства Чырвонага Крыжа паклапаціліся аб раздачы гуманітарнай дапамогі.

Першым слова ўзяў старшыня раённага аддзялення Таварыства інвалідаў па зроку Міхаіл Аркадзьевіч Невядомскі.

Сёння на ўліку арганізацыі – 74 члены. Нягледзячы на складанасці, з якімі даводзіцца сутыкацца штодня, яны імкнуцца да актыўнай грамадскай пазіцыі: праводзяць сходы, месячнікі “Белая трысціна”, супрацоўнічаюць з уладамі, удзельнічаюць у конкурсах мастацкай самадзейнасці і народных промыслаў. У многім дзякуючы іх настойлівасці, у горадзе забяспечана безбар’ернае асяроддзе і іншыя зручнасці для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Паляпшаецца і матэрыяльнае забеспячэнне інвалідаў па зроку. За апошні час па лініі дабрачынных арганізацый “Карытас” і “Водгук” атрымана гуманітарнай дапамогі на суму амаль трынаццаць мільёнаў рублёў. Усё большая колькасць членаў арганізацыі забяспечваецца дыктафонамі, плэерамі, тэлефонамі-смартфонамі, гукавымі танометрамі і тэрмометрамі.

Летась, калі раённае аддзяленне адзначала 55-годдзе заснавання, добрая падтрымка прыйшла ад ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, РУП “Валожынскі жылкамунгас”, Валожынскага філіяла “Маладзечанскі малочны камбінат”,  райспажыўтаварыства.

Частка членскіх узносаў і спонсарскіх сродкаў былі патрачаны на ўдзел у абласных і рэспубліканскіх аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці, а таксама на падвоз да месца лячэння і кансультацыі асабліва хворых.

Аднак і праблем застаецца нямала. Галоўная – няхватка працоўных месцаў. Раней існавала для інвалідаў надомная форма працаўладкавання, але цяпер яна канула ў небыццё. Да сталічнага прадпрыемства, якое прымае на работу слабавідушчых людзей, яшчэ неяк дабрацца штодня трэба. Інваліды па зроку маюць на руках пасведчанне аб бясплатным праездзе, але для многіх яно стала непатрэбнай паперкай. Так, з Івянца на Мінск ходзяць толькі прыватныя “маршруткі”, а ў іх, як вядома, перавозкі ажыццяўляюцца па іншых правілах. Становішча мог бы выправіць рэйс аўтапаркаўскіх аўтобусаў па маршруце “Івянец – Ракаў”, далей інваліды гатовы ўжо ехаць прыгарадным транспартам. Старшыня таварыства М. А. Невядомскі мяркуе, што дапамогі ў гэтым пытанні неабходна чакаць ад мясцовых улад.

Дарэчы, увазе з боку адказных службовых асоб інваліды па зроку вельмі ўдзячныя. Заўсёды адчувалі падтрымку старшыні райвыканкама, упраўлення па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама, супрацоўнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

У бліжэйшы час “Белтэлекам” плануе забяспечыць сляпых, слабавідушчых і іх сем’і новымі радыёпрыёмнікамі, а тэлефонная кампанія “Life” – сім-картамі для бясплатных размоў з абанентамі сеткі.

Станоўча ацэнена тое, што пры правядзенні выбараў Прэзідэнта краіны выбаршчыкі з ліку інвалідаў па зроку атрымаюць спецыяльныя бюлетэні.

На наступныя пяць гадоў старшынёй раённага аддзялення БелТІЗ зноў абраны М. А. Нявядомскі. Ён жа паедзе і на ХХI абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю. Шляхам галасавання членамі праўлення сталі Т. М. Качынская, І. С. Капуста, Т. В. Ліннік, А. П. Гурычонак.



Добавить комментарий