Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

  

Першы квартал года непаказальны для правядзення вясельных абрадаў. Як правіла, большая яго частка прыходзіцца на рэлігійныя пасты, у час якіх не ладзяць вяселлі. Між тым, як паведамілі ў аддзеле ЗАГС, у раёне было зарэгістравана 38 шлюбаў.

Сярэдні ўзрост уступаючых у шлюб павялічваецца: у жанчын ён склаў 32 гады, у мужчын – 35. Двум жаніхам і дзвюм нявестам было больш за 60 гадоў.

 

    Завяршылася абласная міжведамасная прафілактычная акцыя “Сябруем з Законам!”.

На працягу месяца ў рамках акцыі спецыяліст па сацыяльнай рабоце сумесна з работнікамі псіхалагічнай службы раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па плану праводзілі абследаванне матэрыяльна-бытавога становішча мнагадзетных сем’яў, у якіх выхоўваюцца трое і больш непаўналетніх дзяцей. Асаблівая ўвага звярталася на выяўленне праблем: насілле ў сям’і, пакіданне дзяцей без нагляду дарослых, захаванне супрацьпажарнай бяспекі і іншых.

За гэты час у розных населеных пунктах раёна абследаваны 86 сем’яў, дзе выхоўваюцца 272 дзіцяці. Усе выяўленыя праблемы ўзяты на кантроль і будуць вырашацца ў вызначаныя тэрміны. Усяго ў раёне пражываюць 428 мнагадзетных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 1438 непаўналетніх дзяцей, з іх у Валожыне і Івянцы – 146 сем’яў і адпаведна 465 дзяцей. У раёне налічваюцца 43 няпоўныя сям’і, дзе 139 дзяцей выхоўваюцца адным з бацькоў.

 

 

    З пачатку года ў раёне зарэгістраваны 32 новыя аб’екты гаспадарання, сярод іх 11 юрыдычных асоб і 32 індывідуальныя прадпрымальнікі.

Сярод юрыдычных асоб большасць маюць намер адкрыць уласную вытворчасць, напрыклад, па вырабу сценавых блокаў, па выпуску вырабаў з паперы і кардону, вырошчванні насення і расады, а таксама аказваць паслугі ў сферы турыстычнай дзейнасці. Большасць індывідуальных прадпрымальнікаў вырашыла займацца гандлем, грузаперавозкамі, аказваць будаўнічыя і рамонтныя паслугі. У першым квартале каля 50 аб’ектаў гаспадарання па розных прычынах спынілі дзейнасць.

 

 

    З восені 2014 года вядзецца рамонт зубапратэзнага корпуса Івянецкай бальніцы. Работы выконваюцца гаспадарчым спосабам. Ужо асвоена каля 100 мільёнаў рублёў.

Завяршыліся работы з заменай вокнаў і дзвярэй у самім кабінеце, лабараторыі і дапаможных памяшканнях. Зараз рамотныя работы вядуцца ў калідоры і месцах агульнага карыстання.

 

 

    За першыя тры месяцы з пачатку года па розных відах страхавання прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Валожынскім раёне выплаціла грамадзянам даволі значныя сумы.

Па добраахвотным страхаванні будынкаў, якія належаць грамадзянам, было выплачана страхавое пакрыццё ў суме 123 мільёны 520 тысяч 750 рублёў па 20 заявах. З іх па пажарах выплачана 112 мільёнаў 534 тысячы 350 рублёў. Па абавязковым страхаванні будынкаў па чатырох заявах выплачана 96 мільёнаў 351 тысяча 700 рублёў. Па добраахвотным страхаванні жывёлы грамадзянам  выплачана 139 мільёнаў 403 тысячы 950 рублёў.

Пасля моцнага ветру, які назіраўся ў раёне 13 красавіка, у прадстаўніцтва Дзяржстраху звярнуліся з заявамі больш за 60 фізічных асоб. Спецыялісты прадстаўніцтва праводзяць агляды пашкоджаных збудаванняў і маёмасці.

 

 

    17 красавіка ў Івянцы адбыўся канцэрт вядомай беларускай спявачкі Ларысы Грыбалёвай, гастрольны графік якой упершыню пралёг праз гарадскі пасёлак.

У канцэртнай праграме прагучалі як новыя песні, так і тыя, што даўно на слыху і трывала прапісаліся ў рэпертуары спявачкі. На канцэрце пабывалі больш за 200 жыхароў пасёлка.

А ў Вішнеўскім сельскім Доме культуры ў нядзелю 19 красавіка адбылося выступленне цыганскай групы «Кустурыца» з Мінска. На канцэрце пабывалі аматары цыганскай культуры з Валожына, Падбярэззя, Пугачоў, Багданава, Дубіны і Гародзькаў.

 

 

    У красавіку будаўнічая брыгада райспажыўтаварыства задзейнічана на рамонце магазіна ў вёсцы Адамова. Асноўныя работы – рамонт даху гандлёвай кропкі.

Запланаваны таксама касметычны рамонт магазіна ў вёсцы Новы Двор Ракаўскага сельсавета. Гэты магазін не працуе другі год. У маі ён адновіць сваю работу. Таксама ў бліжэйшых планах – падфарбоўка фасадаў магазінаў у вёсках Гародзькі і Суднікі.



Добавить комментарий