Быць разборлiвым у словах

Культура

Шопінг па выхадных днях многія валожынцы звязваюць з наведваннем камерцыйнага супермаркету ў суседнім Маладзечне, які ў народзе называюць «Модуль». Паддалася неяк гэтай спакусе і я.

Зранку звычайна ў гандлёвых радах немнагалюдна: пакупнікі яшчэ дома, кайфуюць ад таго, што нарэшце прычакалі чарговую суботу. Прадаўцы сумуюць без ажыятажу на іх тавары. Як правіла, асноўны натоўп наведвальнікаў чакаецца на рынку бліжэй да абеду. Жанчыны-гандляркі, карыстаючыся адсутнасцю людзей, сядзяць у куточку невялікай гандлёвай залы, узятай індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў арэнду. Некаторыя гандляркі старанна падпраўляюць манікюр, некаторыя рэлаксуюць з кубачкам кавы ці вядуць даверлівыя размовы з сяброўкамі-калегамі. Прынамсі, такую карціну з натуры запомніла я ў той выхадны. Зазначу, што з таго маладзечанскага гандлярскага «арсенала» вылучаўся прадавец жаночага адзення. На выгляд яму было яшчэ далёка да трыццаці. Малады камерсант не сумаваў у адрозненні ад сваіх калег-жанчын. Ён быў заняты інфармацыяй, якую ўнікліва здабываў з дарагога на від наўтбука. Убачыўшы, мабыць, першага пакупніка ў той суботні дзень у сваім павільёне, прадпрымальнік пачаў паслужліва прапаноўваць купіць то адну, то іншую рэч. Выбраўшы ўпадабаную рэч, я вырашыла прымераць яе і накіравалася ў кабінку, ля якой і размяшчалася рабочае месца гэтага гандляра. Прадавец таксама не губляў дарэмна час: па скайпу пачаў ажыўлена размаўляць са сваім прыяцелем. Той дыялог быў больш падобны ўсё ж на маналог. А пачаўся  ён з традыцыйнага прывітання ў пачатку новага дня. Міжволі слухаючы тую размову, я нават страціла арыентацыю, падумаўшы, можа, знаходжуся не ў прымерачнай, а ў нейкім тэатры абсурду.

Прыводжу дыялог прадаўца амаль даслоўна. З гадамі журналісцкай працы ў мяне ўжо добра натрэніравалася памяць. Малады чалавек аксамітным галаском сказаў свайму субяседніку: «Добрай раніцы, паважаны Дэбіл Фрыдрыхавіч! Вы ўжо, спадзяюся, даўно прачнуліся? Я Вас не разбудзіў?  Дазвольце даведацца, Дэбіл Фрыдрыхавіч, чым жа Вы плануеце займацца ў гэту нядзелю?».

З працягам размовы выхаваны мяккі тон толькі ўзрастаў. І я, стаўшы выпадковай сведкай той гутаркі, нават паверыла, што, магчыма, і сапраўды існуе ў свеце чалавек з такім здзеклівым імем, як Дэбіл. У пэўны ж перыяд нашай гісторыі была мода на абсурдную экстравагантнасць у выбары імёнаў. Але, каб узнагародзіць чалавека такім здзеклівым сімвалам на ўсё жыццё, гэта ўжо за гранню ўсялякага здаровага сэнсу… Дэбіл Фрыдрыхавіч расказаў, што ён прачнуўся даўно і нават паспеў нажыць сабе  вялікія непрыемнасці. Бо раніцай на гарадской вуліцы страціў ключы ад дарагой легкавой машыны. І да гэтага часу ніяк не можа іх знайсці. Пачуўшы нечаканую навіну, малады прадавец раптам рэзка перайшоў  ад салодкага тону на калючую грубасць: «Ты што (ненарматыўную лексіку свядома прапускаем), здурэў?!  Ідзі (….) шукай ключы, а то такі  (….), як я, знойдзе іх і машыну зможа лёгка (….)».

Дыялог па скайпу набіраў агрэсіўнасць. Няцяжка было зразумець, што дарагая машына, ад якой страцілі ключы, была неабыякавая і гэтаму маладому камерсанту.

Я выйшла з прымерачнай кабіны. Рэч, якую яшчэ хвілін пяць назад планавала купіць, цяпер вырашыла павесіць на ранейшае месца. Не стрымала сваіх эмоцый і зрабіла заўвагу прадаўцу наконт яго нетактоўнай размовы са знаёмым. Хлопец пачаў вінавата апраўдвацца, прасіць прабачэння за свой дыялог. Пераконваў, што ў гэтым няма нічога ганебнага, што так ён даўно называе свайго малодшага роднага брата. А той прывык да такой грубасці і ўжо нават не крыўдзіцца на адсутнасць элементарнага этыкету.

Адчувалася, што малады чалавек толькі пасля маёй крытычнай заўвагі зразумеў, што публічная бесцырымоннасць, грубыя размовы могуць зняважыць іншых. Бо добры тавар хочацца купляць толькі ў добрых людзей, і тады ён будзе доўга і з любоўю насіцца.

Праз некалькі дзён маладзечанская сітуацыя амаль дакладна паўтарылася ў валожынскім універмагу. Пакуль я была ў прымерачнай кабіне, адна жанчына не камплексуючы, гучна выбірала абноўкі сваім дзецям. Сына інакш, як дэбілам, яна не называла. Прапаноўваючы яму прымераць новае адзенне, жанчына каментавала: навошта сыну-падлетку купляць дарагія штаны, калі ўсё роўна ён іх зноў за…..ць.  За хвілін пяць яна разоў з дваццаць сцебанула, нібы бізуном,  свайго сына абразлівымі грубымі словамі. Хлопчык нешта адчайна чмыхаў сабе пад нос, як пакрыўджаны вожык. Яму было сорамна, што матчыну лаянку чуюць прадаўцы. Дзяўчаткі ж стаялі моўчкі, хаця і іх маці адорвала грубымі характарыстыкамі.

Калі я закончыла прымерку, адгарнула шырму кабінкі і ўбачыла жанчыну, то аж здрыганулася ад нечаканасці. Тая жанчына мне была дастаткова добра знаёмая. Незадоўга да гэтага часу я нават раіла журналістам напісаць пра яе сям’ю замалёўку ў газету. І як добра, што карэспандэнты завалакіцілі гэта творчае заданне.

Шматдзетная кабета таксама мяне пазнала і, здалося, нават крыху разгубілася, збянтэжылася, бо аднойчы мы з ёй сустракаліся, скажам так, на творчых пляцоўках. І тады ўсе характарызавалі яе пазітыўна і нават ухвальна. Дагэтуль я ніколі б нават і падумаць не магла, што яна здольная на такія грубыя выпады. У гандлёвай зале ў той дзень нікога больш не было, толькі дзве прадаўшчыцы моўчкі стаялі ля касы і назіралі за гэтым інцыдэнтам. Яны таксама, відаць, знерухомелі ад такіх «сантыментаў», бо ў магазін звычайна прыходзяць хоць і надзвычай патрабавальныя, але выхаваныя пакупнікі. Хаця здараюцца ўсялякія «экзэмпляры».

Адыходзячы, я пільна акінула вокам чародку тых дзяцей. Яны збянтэжана тоўпіліся ля вітрын з новым адзеннем у сваіх выцвілых куртачках і шапачках. Іх стала міжволі шкада, бо не было на іх галоўнага яркага покрыва – сапраўднай матчынай ласкі і яе шчырага клопату. Таму вочы дзяцей раўнадушна глядзелі на модныя магазінныя рэчы, малым было, відаць, усё роўна, купяць ім абноўкі ці не…

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий