Руская мова ў нашым жыццi

Культура

На такую тэму часта разважаюць мае вучні ў сваіх сачыненнях, мне вельмі падабаецца чытаць іх творчыя работы, бо заўсёды цікава даведацца, што яны думаюць пра братнюю краіну, што ведаюць пра яе.

Больш за ўсё я люблю чытаць тыя радкі вучняў, якія гавораць пра рускага чалавека. Каму патрэбна руская мова? Сапраўды, што зрабіў рускі чалавек для планеты Зямля? Адказваючы на гэта пытанне, мае вучні пішуць пра князя Уладзіміра, Міхаіла Ламаносава, Софію Кавалеўскую, Юрыя Гагарына, Аляксандра Пушкіна, Льва Талстога, Аляксандра Салжаніцына… Яны абавязкова падкрэсліваюць, што творы вялікіх рускіх пісьменнікаў ёсць у бібліятэках усіх краін свету, і здзіўляюцца таму, што раман А. Пушкіна “Евгений Онегин” усе чытаюць на рускай мове.

Часцей за ўсё дзеці пішуць пра вялікае сяброўства нашых народаў на працягу, напэўна, усяго існавання славянскай нацыі. Адзначаюць, што гэта сяброўства спрыяла перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, у мірным будаўніцтве.

Вучні нашай школы паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне як па рускай, так і па беларускай мовах. На жаль, мы не можам яшчэ пахваліцца поспехам у 100%, але 93, 95, 97% у нас ужо былі. Вучні былі ўдзельнікамі і пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды па рускай і беларускай мовах, і ў гэтым навучальным годзе вучаніца 9 “А” класа Настасся Стэльмах прымала ўдзел у рэгіянальнай алімпіядзе і ўвайшла ў дзясятку лепшых.

Штогод мы ўдзельнічаем у алімпіядах школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць” . Комплексны аналіз празаічнага тэксту А. Дзячэнкі з кнігі “Преодоление” атрымаў Дыплом II ступені раённага ўзроўню і заяўлены на абласны конкурс. Гэта творчая работа вучаніцы 11 класа Алесі Занямонец. Яна ж за нарыс “Мой дарагі чалавек”, дарэчы, напісаны на рускай мове, у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу творчых работ “Ніколі не забудзем: унукі пра вайну”, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, атрымала Дыплом II ступені. Гэты нарыс будзе ўключаны ў кнігу ўспамінаў з такой жа назвай. Нашу пераможцу і яе настаўніцу Валянціну Антонаўну Стэльмах здымаў канал СТБ.

Хочацца пахваліцца і экскурсіямі. У той час як іншыя школы маюць на мэце паглядзець Еўропу, мы пазнаём духоўныя каштоўнасці вялікай славянскай спадчыны. Вучні двойчы пабывалі на знакамітай пушкінскай зямлі – Міхайлаўскім, Трыгорскім і Пятроўскім. Яны захапляліся прыгажосцю ракі Сораць, алеяй Г. Керн, магутным дубам, цікавымі музейнымі экспазіцыямі.

У маі бягучага года мы плануем наведаць радзіму Льва Талстога – Ясную Паляну, пабываць у тульскіх музеях. Запрашаем у паездку ўсіх, хто жадае ўбачыць прыгажосць расійскай зямлі, бліжэй пазнаёміцца з жыццём і творчасцю рускага генія. Гэта я магу сказаць з упэўненасцю, бо за сваю педагагічную практыку двойчы пабывала на форумах “Русский мир” і мела магчымасць размаўляць па-руску з чэхамі, канадцамі, палякамі, французамі, кітайцамі. Размовы праходзілі ў час “круглых сталоў”, на якіх прысутнічалі Мітрапаліт Іларыён, рускі палітык Вячаслаў Ніканаў, прадстаўнік дынастыі князёў Трубяцкіх і многія іншыя прадстаўнікі, захавальнікі рускай мовы з ЗША, Іспаніі, Партугаліі і яшчэ з 74 краін свету. Яны гаварылі аб тым, што ганарацца сваімі ведамі мовы вялікага рускага народа. Напрыклад, палячка і француз параўноўвалі па маёй просьбе сваю мову з рускай сказамі, і мы ўсе трое ўпэўніліся, што рускі сказ гучыць як бы на паўтону вышэй. Цікава, згадзіцеся… Дарэчы, англійскі раманіст Г. Уэлс сцвярджаў: “Менавіта рускай мове суджана ў будучым быць пакладзенай у аснову мовы чалавечай”.

Алена Кісель,

настаўнік рускай мовы і літаратуры СШ № 2



Добавить комментарий