Яе кулiнарныя сакрэты

Общество

На кухні валожынскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” працуюць 3 чалавекі. Яны паспяваюць накарміць смачна і, галоўнае, карысна больш за 130 дзяцей.

Шэф-повар А. М. ЖАМОЗДЗІК не толькі задае тон хуткага гатавання страў, але і стварае на працоўным месцы атмасферу пазітыва. Магчыма, таму дашкольнікі заўсёды ядуць з апетытам, бо ў меню – стравы, прыгатаваныя з любоўю.

У “Расінцы” Анжаліка Міхайлаўна кухарыць 5 гадоў. Да гэтага 18 гадоў карміла выхаванцаў валожынскай школы-інтэрната (зараз расфарміраванай), працавала ў сталовай № 2 райцэнтра. Практыка – багатая, кулінарных сакрэтаў адкрылася нямала. Анжаліка Міхайлаўна – непераўзыдзены майстар страў з мяса. Што не дзіўна, бо мае спецыяльнасць вытворцы мясных паўфабрыкатаў, якую атрымала ў Мінскім харчовым вучылішчы № 38.

Працу повара істотна палягчае “разумная” тэхніка. На кухні ў “Расінцы” прыбораў-памочнікаў нямала. Напрыклад, электрамясарубка, працірачная машына, агароднінарэзка, электраскаварада, якая за пару хвілін выпякае адразу 30 штук румяных аладак, гатуе таксама і бліны. Бульбачыстка за 10 хвілін апрацоўвае адразу два вядры бульбы. Электрасушылка мінулай восенню справілася з тонай яблыкаў, якія цэлы год дадаваліся ў салодкі кампот. Але галоўная тэхнічная навінка тут – канвекцыйная печ, у якой ежа гатуецца з дапамогай патокаў гарачага паветра. Гэта дазваляе выключыць з дзіцячага рацыёну смажаныя прадукты, а значыць, зрабіць меню дашкольніка максімальна здаровым і карысным.

Не выпадкова спрытная кухарка і цудоўны па характары чалавек – так адгукаецца пра Анжаліку Міхайлаўну загадчыца “Расінкі” – нядаўна атрымала грамату ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама за плённую працу па арганізацыі правільнага харчавання выхаванцаў. Сярод дашкольных устаноў раёна такая “кулінарная” грамата ўручана ўпершыню.

Тэкст і фота

Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий