Пра здабыткi Мiншчыны ў фармаце прэс-канферэнцыi

Общество

Горад Слуцк месцам правядзення чарговай прэс-канферэнцыі старшыні аблвыканкама С. Б. Шапіры быў выбраны не выпадкова. Нядаўна гэты рэгіён Міншчыны ўзначаліў малады перспектыўны кіраўнік. А. У. Янчэўскаму крыху больш за трыццаць, раней працаваў на Гродзеншчыне. З прыходам на адказную пасаду новага назначэнца, як падкрэсліў Сямён Барысавіч, многае змянілася да лепшага. А значыць, кадравы выбар быў правільны.

 

Дадатковым аргументам у падтрымку таго, чаму менавіта на Случчыну прыехаў 24 красавіка прадстаўнічы журналісцкі дэсант, з’яўляецца тое, што гэты паўднёвы рэгіён лічыцца валаўтваральным у эканоміцы Міншчыны. Да таго ж гэта адзін з буйных раёнаў краіны. Тут дынамічна развіваецца прамысловасць, сельская гаспадарка, ёсць пэўныя здабыткі ў добраўпарадкаванні і інш. А мясцовы футбольны клуб гуляе ў Вышэйшай лізе…

Сямён Барысавіч у час прэс-канферэнцыі з работнікамі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ зазначыў, што за апошні час адбыліся назначэнні пяці старшынь райвыканкамаў. Кіраўнік абласной вертыкалі ўлады пакуль задаволены іх работай. С. Б. Шапіра падкрэсліў, што ў фарміраванні дзейснай, эфектыўнай структуры кіравання найперш ён робіць стаўку на маладых, інтэлектуальных, інтэлігентных людзей. Прычым рэзервісты, перш чым узначаліць рэгіён, павінны прайсці добрую школу ўпраўленчай, гаспадарчай дзейнасці, а не быць толькі дысцыплінаванымі клеркамі, якія, вобразна кажучы, падносяць паперкі. С. Б. Шапіра падкрэсліў, што змяняльнасць кадраў у калектывах не павінна мець кардынальны, рашучы характар. Людзей трэба цаніць і ствараць ім умовы для эфектыўнай працы, тым больш што лішніх працоўных рэсурсаў у краіне няма.

Ад кадраў размова лагічна перайшла ў эканамічнае рэчышча. Па выніках першага квартала сталічны рэгіён па многіх паказчыках лідзіруе ў рэспубліцы. Разам з тым няпростая сітуацыя сёння на прадпрыемстве «БелАЗ». Па выніках бягучага года, відаць, не будзе ранейшага прыросту прадукцыі і на «Беларуськаліі». Горш за ўсё ў першым квартале спрацаваў гандаль. Зарплаты ў насельніцтва невысокія, пакупніцкая здольнасць адпаведная. Ёсць, на жаль, і праблемы са своечасовай выплатай заработнай платы ў некаторых калектывах вобласці. Але прымаюцца ўсе меры, каб сітуацыю кардынальна палепшыць і стабілізаваць. У час прэс-канферэнцыі закраналася і пытанне мадэрнізацыі прадпрыемстваў. У недалёкія часы яна насіла ледзь не масавы характар. А гэты працэс патрэбна было скрупулёзна пралічыць, бо капітал крэдыторам трэба вяртаць у валюце. Пры мадэрнізацыі найперш павінен быць дакладны фінансавы план. У прыклад была прыведзена мадэрнізацыя Слуцкага льнозавода, дзе ў той дзень і пабывалі журналісты з рабочай камандзіроўкай. Літаральна на працягу года пасля таго, як прагучала крытыка на рэспубліканскім узроўні, гэта прадпрыемства змянілася да непазнавальнасці. Эфектыўнасць і культура вытворчасці шматкратна выраслі. Добрае ўражанне пакінула ў работнікаў СМІ і наведванне Слуцкага сыраробнага камбіната.

На прэс-канферэнцыі з цікавасцю заўсёды слухаюць журналісты кампетэнтную інфармацыю пра ўзвядзенне беларуска-кітайскага індустрыяльнага тэхнапарка «Вялікі Камень» у Смалявіцкім раёне. Парк ужо займеў пяць рэзідэнтаў. Узводзіцца гарадок, дзе будуць жыць спецыялісты з Кітая. Пачата пракладка дарог, газавых, электрычных камунікацый. Рыхтуюцца пляцоўкі для будучых работ, дзе да нядаўняга часу знаходзіліся лясныя масівы. Ужо праз год тут  можна будзе ўбачыць рэальныя плады маштабнай работы.

Безумоўна, закраналася на прэс-канферэнцыі ў Слуцку і надзённая тэма – падрыхтоўка да святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі. Кіраўнік сталічнай вобласці зазначыў, што гэта ўсенародная падзея будзе адзначана дастойна, з вялікай павагай да людзей, якія адстаялі мір на зямлі. Ён прыгадаў факты са сваёй радаслоўнай, звязаныя з ваенным ліхалеццем. У час прэс-канферэнцыі абмяркоўваліся таксама пытанні аграэкатурызму ў Нарачанскім краі, работа некаторых прамысловых прадпрыемстваў вобласці і інш.

 Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий