Тры навіны з адной стараны

Общество

Ракаўскі сельсавет 

  1. У нядзелю, другую па Вялікадню, з планавым візітам у Ракаве пабываў Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел. Ён правёў Літургію ў храме Праабражэння Гасподняга, азнаёміўся з вядзеннем там рамонтных работ.

Шаноўны святар наведаў таксама мясцовую сярэднюю школу, дзе яго вітаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, фальклорны гурт “Гасцінец”. А канцэртную праграму падрыхтавалі вучні школы, якія займаюцца ў Нядзельнай школе пры царкве. Завяршыў свой візіт Епіскап Павел знаёмствам з Ракаўскім псіханеўралагічным домам-інтэрнатам. Ён з задавальненнем паслухаў канцэртную праграму “Гасцінца”, раздаў абразкі і велікодныя падарункі насельнікам дома-інтэрната.

 

  1. Ракаўскі сельсавет – прыцягвае сваёй блізкасцю да сталіцы. Менавіта таму зямля там карыстаецца вялікім попытам у жадаючых весці будаўніцтва жылля.

Як паведамілі ў сельвыканкаме, за апошнія 5-6 гадоў тут выдзелена пад будаўніцтва жылля больш за 1000 зямельных участкаў. І не толькі для мясцовых жыхароў. Участкі пад індывідуальную забудову выдзяляюць грамадзянам рэспублікі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Асноўная забудова вядзецца ля вёсак Кучкуны, Бузуны і Міхалова. Толькі ў бягучым годзе выдзелены пад індывідуальнае будаўніцтва 93 участкі ў раёне вёскі Бузуны. Распачынаецца другая чарга будаўніцтва, і ўвогуле такіх участкаў будзе каля 200. 20 з іх плануюць выставіць на аўкцыёны.

 

 

  1. Другі месяц у вёсцы Міжрэчча працуе прыватны магазін, які належыць ПГУП “Дэніс-Маркет”. Яго адкрыццё гаспадар Дзяніс Федаровіч прымеркаваў да 8 Сакавіка. Раней гэты будынак належаў Валожынскаму райспажыўтаварыству.

Новая гандлёвая кропка абслугоўвае жыхароў вёсак Міжрэчча і Міхалова. Гэта прыкладна 200 чалавек. У дачны сезон  колькасць патэнцыяльных пакупнікоў значна ўзрастае. Акрамя прадуктаў, тут можна набыць розныя спадарожныя рэчы, напрыклад, тавары бытавой хіміі, касметыку.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий