Замаячыў на «гарызонце»

Спорт

Нядаўна баскетбольныя каманды Багданаўскай СШ і гімназіі № 1 г. Валожына сыгралі сяброўскі матч. Перамогу з лікам “56/33” заваявалі багданаўскія юнакі. Іх поспех у значнай ступені забяспечыў дзесяцікласнік Іван Кашча, які прынёс сваёй камандзе 25 ачкоў.

На думку настаўніка фізкультуры Казіміра Іванавіча Біталя, спартыўны патэнцыял у Івана настолькі высокі, што недалёка той час, калі яго імя будзе вядома ўсім аматарам баскетбола. Дарэчы, юнак ужо гуляе за каманду “Гарызонт”, дзевяць разоў прымаў удзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах у Віцебску, Салігорску, Смаргоні.

Іван – цэнтравы ігрок, гуляе пад нумарам “5”. Захапляецца баскетболам не адзін год. Добрыя фізічныя даныя хлопчыка заўважыў фізрук школы Уладзімір Раманавіч Пякарскі, ён і прапанаваў Івану сур’ёзна заняцца спортам. “Засвяціўся” Ваня пры першым жа выхадзе ў свет – на школьнай раённай спартакіядзе. Яго падрыхтоўку адзначыў трэнер ДЮСШ Л. У. Хвядчэня і паведаміў пра таленавітага юнака сваім мінскім калегам. Хутка Іван стаў запатрабаваным іграком адной з лепшых рэспубліканскіх каманд.

Адораны дзесяцікласнік спадзяецца, што падзеі апошніх гадоў не выпадковасць, а знак – звязаць лёс са спортам і дабівацца высокіх вынікаў, аддаўшы гэтай справе ўсе сілы. Цяжкасці Івана не палохаюць. Ён не рос “беларучкай”, хоць і самы малодшы. Ды хіба можна ў сям’і, дзе выхоўваюцца васьмёра дзяцей, быць слабаком? Працы тут не прынята цурацца. Дапамога бацькам для Івана не столькі абавязак, як запатрабаванне душы.

Сёння ён можа выконваць усю хатнюю работу, выдатна спраўляецца і з такой сур’ёзнай справай, як выраб драўляных альтанак, лавак, якія карыстаюцца попытам і ўпрыгожваюць многія вугалкі Багданава. Не забываецца Іван і пра вучобу ў школе, дзе вызначаецца стараннасцю, дысцыплінаванасцю.

Не сакрэт, што некаторыя сучасныя маладыя людзі ад пастаяннага “сядзення” ў віртуальнай прасторы трацяць навыкі вуснай мовы. Іван не такі. Ён цікавы субяседнік, і, як кажуць, “за словам у кішэнь не лезе”. Дарэчы, добраму спартсмену быць гаваркім неабходна: ад прэс-канферэнцый яму “не адкруціцца”.

Бацькі Івана не супраць таго, што сын можа стаць прафесіянальным спартсменам, хоць самі яны і далёкія ад гэтага віду дзейнасці. Бацька, Аляксандр Аляксандравіч, працуе трактарыстам у Багданаўскім лясніцтве, маці, Наталля Мечыславаўна, – кладаўшчыца ў мясцовай школе. Аб тым, якія гэта людзі, яскрава можа расказаць такі факт іх біяграфіі: маючы сваіх трое дзяцей, узялі на выхаванне яшчэ пяцёра з ліку сацыяльных сірот. І ніхто з малых не абдзелены ласкай.

Сярод братоў і сясцёр Іван з нараджэння выдзяляўся багатырскім складам, а як пайшоў у школу, то і там нікому не ўступіў месца стаяць правафланговым. Ужо ў пачатковых класах найбольш любіў фізкультуру.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий