Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі  ШТЭЙНЕР

  

Падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшае эсэ “У імя жыцця”, прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі. На суд журы было прадстаўлена 13 работ, дасланых не толькі з устаноў адукацыі – Суднікаўскай СШ, гімназіі, Гародзькаўскай, Яршэвіцкай сярэдніх, Сівіцкай базавай школ, але і воінскай часці № 30695.

Першае месца заваявала творчая работа вучаніцы 11 класа Суднікаўскай СШ Дар’і Супрончык, другое і трэцяе месцы – эсэ адзінаццацікласніцы гімназіі Таццяны Бітэль і вучаніцы 10 класа Гародзькаўскага ВПК Настассі Саломкі. У аснове ўсіх конкурсных прац ляжыць мясцовы матэрыял часоў Вялікай Айчыннай вайны. Тры лепшыя работы адпраўлены на абласны тур конкурсу.

 

25 красавіка ў Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Налібоцкі” прымалі чатырох лесаводаў з Вялікабрытаніі.

Работнікі заказніка сумесна з начальнікам ляснога аддзела Валожынскага лясгаса Аляксандрам Казерскім дзяліліся ўласнымі набыткамі па лесааднаўленню, дэманстравалі магчымасці відэаназірання за ляснымі масівамі па папярэджванню лясных пажараў, паказалі, як растуць сасёнкі на верхавых балотах і многае іншае.

 

На працягу трох дзён у Ракаве праходзіў IV адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс фартэпіяннай музыкі імя М. Грушвіцкага, ініцыіраваны калектывам педагогаў мясцовай дзіцячай школы мастацтваў пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Сёлета ён сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў  — 140, якія прадстаўлялі больш за 100 навучальных устаноў рэспублікі. Узрост удзельнікаў – да 18 гадоў. Конкурсныя праслухоўванні праходзілі  ў канцэртнай зале цэнтра народнай творчасці ў наступных намінацыях: салісты, дуэты і змешаныя ансамблі. Удзельнікі былі падзелены на 4 узроставыя катэгорыі.

Сярод канкурсантаў з нашага раёна дыпламантам стала выхаванка Івянецкай ДШМ Аліна Залатар ва ўзроставай катэгорыі ад 12 да 14 гадоў (настаўнік Ірына Каўрэцкая). У намінацыі “Кампазітарскае майстэрства” дыпломам адзначана таксама вучаніца 1 класа па класе акардэона Ракаўскай ДШМ Ганна Драневіч. Настаўнік Вольга Іода вучыць дзяўчынку не толькі ігры на музычным інструменце, але дадаткова займаецца з ёй кампазіцыяй.

 

Неўзабаве на вуліцах райцэнтра з’явяцца стракатыя дываны, створаныя рукамі работнікаў участка азелянення жылкамунгаса.  Як толькі дазволяць умовы надвор’я,  кветкі ўпрыгожаць горад.

Для гэтай мэты ў цяпліцы  гадуецца 60 тысяч штук расады больш чым 10 найменняў аднагадовых кветак. Вулічныя кветкі, як правіла, аднолькавыя што ў сталіцы, што ў райцэнтры:  некалькі сартоў бягоніі, петунія, пеларгонія, сальвія, цынерарыя, іншыя. Са снежня мінулага года майстар участка і 4 штатныя кветкаводы шчыравалі ў цяпліцы. У канцы красавіка яркімі плямамі на вуліцах сталі кветніцы, якія абнавілі-пафарбавалі пасля зімы. Як адзначыла майстар Таццяна Іванаўна Кузянкова, прыкладуць усе намаганні, каб вуліцы, плошча, скверы ля возера і гасцініцы “Карона” радавалі вока разнастайнай кветкавай гамай. Відазменяцца кветкавыя кампазіцыі па вуліцы Шчарбіны. На жаль, у штатным раскладзе камунгаса няма дызайнера. Таму жанчыны кіруюцца толькі ўласным густам і інтэрнэтаўскімі напрацоўкамі.

Гады з тры таму спрабавалі ўпрыгожыць горад сартавымі галандскімі цюльпанамі, сартавым бэзам. Аднак жыхары аднесліся да такога новаўвядзення па-варварску. Можна сказаць, “з мясам” павыкопвалі насаджэнні, знішчылі прыгажосць, якая да таго ж каштавала немалых грошай.

 

Ад ураганнага ветру, які пранёсся па рэспубліцы 13 красавіка, на Міншчыне былі пашкоджаны 213 будынкаў.  Закрануў ён і наш раён:  у асноўным зафіксаваны пашкоджанні дахаў на малочнатаварных фермах некалькіх гаспадарак, ёсць разбурэнні і на іншых сельскагаспадарчых аб’ектах.

Значная колькасць лістоў шыферу спатрэбілася для ліквідацыі пашкоджанняў дахаў у КСУП “Манькаўшчына-2014”: для МТФ “Манькаўшчына” – 50 лістоў, МТФ “Сушы” – 20, на рамонтнай майстэрні – 110 лістоў і яшчэ 20 для адміністрацыйнага будынку. У КСУП “Падбярэззе” для рамонтных работ на дахах дзвюх ферм і склада ГЗМ пайшло 130 лістоў шыферу. У КСУП “Сугвазды-агра” ад ветру пацярпелі зернясклад на цэнтральнай сядзібе (70 лістоў), МТФ “Ласокіна” (60 лістоў), МТФ “Леснікі” (15 лістоў), на апошняй ферме спатрэбілася таксама аднавіць 7 пралётаў жалезабетоннай агароджы. Некалькі аб’ектаў было ў СГУ “Бабровічы”: МТФ “Бабровічы” (23 лісты), МТФ “Капусціна” (20 лістоў), майстэрня ў вёсцы Саланая (10 лістоў), на МТФ “Даўбені” – 160 квадратных метраў прафнасцілу з абрашоткай. У КСУП “Сакаўшчына-агра” замяніць патрэбна было 150 лістоў шыферу на даху МТФ “Макараўка”. Значныя пашкоджанні былі на МТФ “Дубіна-Вяршыцкая” ААТ “Агра-Дубінское”, для іх ліквідацыі спатрэбіліся 173 лісты шыферу. Там таксама аднаўленне патрабавалася вільчаку (38 пагонных метраў), тарцавой планцы і абрашотцы.

На працягу літаральна дзесяці дзён рамонтныя работы былі завершаны ва ўсіх гаспадарках. Крыху больш доўжыліся яны на МТФ “Бабровічы”.



Добавить комментарий