Iмклiвы час мацней у руках трымайце

Общество

У Доме сацыяльных паслуг вёскі Філіпіняты адбылася традыцыйная сустрэча для пажылых людзей. Яна была прымеркавана да юбілейнай даты: 10 гадоў таму адкрылася гэта ўстанова.

На мерапрыемства былі запрошаны ветэраны сацыяльнай службы, сацыяльныя работнікі. Арганізатарамі сустрэчы выступілі Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Гародзькаўскі сельвыканкам. Часта, калі за плячамі ўзрост і шматлікія хваробы, чалавек застаецца сам-насам са сваімі праблемамі. Менавіта ў такой сітуацыі на дапамогу прыходзяць супрацоўнікі ТЦСАН.

3 пажаданнямі здароўя, даўгалецця, душэўнага спакою да прысутных на мерапрыемстве звярнулася інспектар цэнтра Валянціна Антонаўна Маразоўская. Падарункам для ўсіх прысутных стала канцэртная праграма, якую падрыхтавалі работнікі Гародзькаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Пажылыя людзі мелі магчымасць паслухаць песні ў выкананні Валерыя Язерскага, Ірыны Татун, Алесі Бартош, пагутарыць між сабой, прыгадаць мінулае, адпачыць душой.

Работай гэтай сацыяльнай установы вяскоўцы задаволены. Старшыня сельвыканкама Ганна Францаўна Садоўская гаворыць, што перыядычна збірацца – адзіная радасць для вяскоўцаў. Тут яны могуць атрымаць кансультацыю медыка, набыць неабходныя лекі, скарыстацца паслугамі бібліятэкара, работнікі культуры радуюць мясцовых жыхароў міні-канцэртамі.

3 ветлівай усмешкай заўсёды сустракае гасцей гаспадыня Дома сацыяльных паслуг Ларыса Барысаўна Букштуновіч. Зараз у Філіпінятах пражывае 98 чалавек, амаль усе — людзі пажылога ўзросту, якім патрабуецца сацыяльная дапамога, медыцынская падтрымка ды проста шчырае, ласкавае слова.

Чарговая сустрэча дала магчымасць жыхарам Філіпінятаў пазнаёміцца са свежай інфармацыяй на розныя тэмы, задаць пытанні і атрымаць кампетэнтныя адказы, ды і проста сабрацца ўсім разам.

Марыя Сярэдзіч,

бібліятэкар

Гародзькаўскай бібліятэкі



Добавить комментарий