Тэлефон міліцыі — 102

Закон и порядок

ЗАСТАЛІ “НА ГАРАЧЫМ”

Падчас адпрацоўкі Гародзькаўскага сельсавета ў Кашчэлічах супрацоўнікі міліцыі спынілі аўтамабіль, якім кіраваў жыхар вёскі Яхімоўшчына Маладзечанскага раёна. У машыне ён перавозіў 18-літровую каністру, запоўненую вадкасцю з характэрным пахам самагону. Цяпер ён вымушаны тлумачыць праваахоўнікам, як яна ў яго апынулася.

У незайздросным становішчы апынулася і пенсіянерка з вёскі Бандаршчына. У адной з гаспадарчых пабудоў на тэрыторыі яе сядзібы міліцыянеры знайшлі самагонны апарат. На гаспадыню складзены адміністрацыйны пратакол.

“Не пашанцавала” і яшчэ аднаму самагоншчыку – жыхару Маладзечна. Выраб “сівухі” ён наладзіў недалёка ад вёскі Кабыльчыцы, схаваўшыся ў кустоўі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі яго побач з самагонным апаратам, 30 літрамі выгнанай гарэлкі і 400 літрамі брагі. Цяпер яму давядзецца адказваць перад законам.

 

БРАЛІ ЯК СВАЁ…

Пра крадзеж маёмасці з дачы ў Лапшанах паведаміў міліцыянерам мінчанін-гаспадар. Злодзей паквапіўся на газавы балон, ацынкаваны дрот, металічныя слупкі, барану і іншыя рэчы на агульную суму 6 мільёнаў 520 тысяч рублёў. За здзяйсненне гэтага злачынства затрыманы беспрацоўны, раней не судзімы жыхар вёскі Сусні.

Па падазрэнні ў крадзяжы веласіпеда, дарожнай сумкі, меднага дроту, касетнай магнітолы з адной з сядзіб у Малым Запруддзі ў ізалятар часовага ўтрымання змешчаны раней не судзімы малады жыхар Лоска.

Устаноўлены таксама і факт крадзяжу 480 тысяч рублёў з кватэры пенсіянера з Валожына, высветлена асоба вінаватага. Ім аказаўся валожынец 1993 года нараджэння. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа паскоранай вытворчасці.

У ізалятары “бавіць” свой час і жыхар Капусціна. Ён трапіў туды за крадзеж трох каструль з хаты пенсіянеркі. Цяпер жа супрацоўнікі міліцыі шукаюць невядомага злодзея, які пранік адразу ў два недабудаваныя дамы ў вёсцы Міхалова і выкраў адтуль маёмасць на агульную суму 6 мільёнаў 400 тысяч і 15 мільёнаў 180 тысяч рублёў адпаведна.

 

НЕЗАКОННЫ РЭЙС

Відавочна, не быў знаёмы з патрабаваннямі заканадаўства ўраджэнец сонечнага Азербайджана, які перавозіў на аўтамабілі, зарэгістраваным у Расійскай Федэрацыі, камплектуючыя да гадзіннікавых механізмаў на агульную суму больш чым 263 мільёны рублёў. Яго спынілі каля вёскі Кібуці супрацоўнікі міліцыі і падатковай службы. Маёмасць канфіскавана, на чалавека складзены адміністрацыйны пратакол.

 

ЧУЖЫЯ ГРОШЫ

НЕ ВЯДУЦЬ ДА РАСКОШЫ

Не на доўгі час расцягнулася расследаванне справы паводле заявы жыхара вёскі Даўбені. 30-гадовая жыхарка Гомельскай вобласці “прыхватызавала” яго банкаўскую пластыкавую картку і здзейсніла з яе дапамогай шэраг пакупак. Гаспадар недалічыўся больш чым 200 тысяч рублёў. Прынята рашэнне ўзбудзіць на жанчыну крымінальную справу.

 

ГУЧЫЦЬ РЭХА ВАЙНЫ…

Шмат часу мінула з ваеннай пары, а “напаміны” пра яе ў выглядзе выбуховых устройстваў працягваюць бударажыць людзей, якія іх выпадкова знаходзяць. За кароткі прамежак часу сапёры абясшкодзілі артылерыйскі снарад непадалёк Суднікаў, узарвалі гэткі ж “сюрпрыз”, знойдзены падчас добраўпарадкавання аўтадарогі каля Студзянца, размініравалі яшчэ адну небяспечную знаходку пад Ракавам і знішчылі снарад часоў Першай сусветнай на полі каля вёскі Адамова.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий