Пра рэкламу – у шырокiм сэнсе

Культура

Мінскае рэкламна-вытворчае прадпрыемства “Карыфа” задалося мэтай зрабіць наш раён месцам для прыцягнення грошай.  З дапамогай усіх відаў рэкламы.

Першапачаткова з гэтай мэтай вырашылі правесці ў Валожыне рэгіянальны бізнес-семінар “Рэклама ў дапамогу, ці Як прадаць сваё”. На яго, аб’ехаўшы папярэдне ўсе раённыя прадпрыемствы і арганізацыі, грамадскія арганізацыі і аб’яднанні, былі запрошаны  каля 200 чалавек. Дадаткова ім разаслалі яшчэ і запрашэнні. Як сказала ў выступленні дырэктар кампаніі Кацярына Кубракова, яны разлічвалі ўбачыць у зале раённага Цэнтра культуры чалавек 150-200. Рэчаіснасць аказалася больш празаічнай. На семінар прыйшлі крыху больш за 30 чалавек. У пераважнай большасці — гаспадары аграсядзіб. Былі таксама дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Валожынскім раёне, прадстаўнікі Белаграпрамбанка, гасцініцы “Карона”, устаноў культуры, раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва…

Я не ставіла мэтай дакладна прасачыць, чые прадстаўнікі прыйшлі на семінар па рэкламе. Проста сама неаднойчы пераконвалася, як спрыяе рэклама, дапамагае і як яе, граматнай, прыгожай, кідкай, не хапае нашаму райцэнтру і астатнім населеным пунктам, прадпрыемствам быту і грамадскага харчавання. Збітую фразу пра тое, што рэклама – рухавік гандлю, ведае і дзіця. Але рэклама патрэбна не толькі гандлю. Сёння, толькі ўклаўшы грошы ў рэкламу ці то прадукцыі, ці то паслуг, можна атрымаць дывідэнды ў выглядзе новых пакупнікоў, спажыўцоў ды і турыстаў, не ў апошнюю чаргу.

Менавіта пра гэта ішла размова на семінары. У фае прысутныя маглі пазнаёміцца з магчымасцямі фірмы: прадстаўлена была самая разнастайная рэкламная прадукцыя, якую “Карыфа” выпусціла за гады існавання на беларускім рынку. А вырабляюць яны дрэмкарды і вонкавую рэкламу, ствараюць фірменную прадукцыю і сувеніры, рыхтуюць матэрыялы да выстаў, зручную ўпакоўку (пакеты, скрынкі), распрацоўваюць дызайн.  Дарэчы, да семінара выпусцілі прыгожыя сувенірныя свечкі з выявамі храмаў Валожынскага раёна.

Падчас семінара спецыялісты напомнілі асноўныя накірункі рэкламнай дзейнасці, якую могуць прапанаваць: папулярызацыя раёна і яго славутасцяў, турысцкія і веласіпедныя  маршруты, сетка прыдарожных кафэ, аграсядзібы, рамесніцтва, бытавыя паслугі і інш. Расказвалі пра тыя інструменты, якімі карыстаюцца рэкламшчыкі: паліграфічную і сувенірную прадукцыю, вонкавую рэкламу, магчымасць стварэння і прасоўвання Інтэрнэт-партала.

З усіх раённых арганізацый і ўстаноў яшчэ да семінара толькі раённы краязнаўчы музей ужо заказваў прадукцыю ў “Карыфе”. Магчымасцю зрабіць агульны сайт яўна зацікавіліся прадстаўнікі аграсядзіб. Але арганізатары запэўнілі, што не збіраюцца спыняцца на паўдарозе. Будуць яшчэ раз (а магчыма, і больш) стукацца ў зачыненыя дзверы, каб пераканаць, што рэклама патрэбна. У “Карыфе” ўпэўнены, што ў праекта “Бізнес развіцця Валожынскага раёна”, якім кіруе наш зямляк Міхаіл Бацян, ёсць будучае.

…Ці задаваліся вы хоць раз, дзе ў Валожыне можна набыць сувенірную прадукцыю, якая б расказвала пра наш раён, і якую? Калі да мяне ехалі госці, я гэтым пацікавілася. На той момант ні ў газетным  кіёску, ні ў кнігарні не было нават элементарных магнітаў на халадзільнікі, не гаворачы ўжо пра паштоўкі ці іншыя сувеніры. Цяпер, праўда, магніты ўжо з’явіліся ў продажы. Гэта ўсё! Крыху больш сувенірнай прадукцыі можна набыць у мясцовым музеі. Але ў выхадныя дні, калі па некалькі турыстычных аўтобусаў з дзецьмі і дарослымі спыняюцца на плошчы, музей не працуе. Ды і пра тое, што такі музей у Валожыне ёсць, не існуе ніякіх указальнікаў. Хіба што я няўважлівая.  Не могуць турысты атрымаць і элементарную рэкламу пра кропкі грамадскага харчавання, дзе могуць падсілкавацца, пра тое, што могуць паглядзець у райцэнтры і ўвогуле ў раёне. Як бачна, прастора для рэкламы ёсць і ніша гэта свабодная!

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *