Сёння ў нашай хаце свята!

Культура

Івянецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі ў адзін з красавіцкіх дзён расчыніў дзверы для жадаючых азнаёміцца з вопытам работы ўстановы па развіцці матывацыі навучэнцаў захоўваць, пазнаваць і прымнажаць традыцыі керамікі роднага краю ў новым гучанні арыгінальных форм і дэкору.

Трэба сказаць, што жадаючых аказалася нямала. Мерапрыемства наведалі і калегі з Мядзеля, Валожына, Мінскага, Лагойскага, Стаўбцоўскага раёнаў, старшыня мясцовага гарпасвыканкама і інш.

Калектыў цэнтра творчасці, як і ўсё івянчане, поўны гонару за нашых майстроў, за нашу спадчыну, ён імкнецца далучаць падрастаючае пакаленне да захавання і развіцця традыцый керамічнага мастацтва.

Увазе гасцей была прадстаўлена прэзентацыя «Івянец – край ганчарства». А танец «Цыганачка» нагадаў пра тыя далёкія гады, калі ў Івянцы праходзілі кірмашы, дзе выстаўляліся на продаж гліняныя вырабы.

Прэзентацыя была напоўнена фрагментамі дотыку рук майстра да дзіўнага прыроднага матэрыялу – гліны, які ўвачавідкі ператвараўся ў  цуд. Але каб форма захоўвалася, яе трэба абпаліць. Нашы продкі выкарыстоўвалі агонь. Ды і без вады ў гэтай справе не абысціся. Таму ўзнікла ідэя ўвасобіць гэты эпізод у харэаграфічную замалёўку. Адбыўся дэбют новага харэаграфічнага нумара «Агонь і вада» ў выкананні танцавальнага калектыву «Івянечанка».

Гасцям была прадстаўлена яшчэ адна прэзентацыя, якая распавядала пра педагогаў-майстроў сваёй справы – В. П. Скрыпку, В. К. Капусту, В. Т. Адамовіч, В. В. Скрыпку, пра іх дасягненні, удзел у конкурсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, прысвечаных 70-годдзю Вялікай Перамогі. Успомнілі і традыцыйнае ўжо свята «Гліняны звон» у мястэчку.

Затым гасцей запрасілі на выставу творчых работ. А потым кожны ўдзельнік мерапрыемства змог паглядзець майстар-клас «Круг ганчарны», «Цуды сваімі рукамі».

Напрыканцы з песняй «Сёння ў нашай хаце свята!» гасцей сустракалі пачастункамі. На стале стаялі вазачкі з кветкамі, гарлачыкі з бярозавым і яблычным сокам, кубкі, сурвэтніцы ў выглядзе маленькага замка – усё з гліны. Былі і пачастункі нацыянальнай кухні: бліны, мачанка, сала, салёныя агурочкі – усё падавалася ў гліняным посудзе.

Наталля ШУГАЕВА,

педагог-арганізатар



Добавить комментарий