Калейдаскоп Фактаў

Общество

Прадуктовыя наборы коштам больш за 100 тысяч рублёў кожны ад сеткі магазінаў “Еўраопт” атрымалі 43 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны ў нашым раёне. Фарміравалі падарункавыя пакеты і ўручалі іх работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

* * *

З 1 па 10 мая дзейнічае  акцыя “Дзякуй дзеду за Перамогу!” у магазінах райспажыўтаварыства.  На “прадуктовую карзіну” з пэўным наборам бакалейных тавараў зроблены мінімальныя гандлёвыя надбаўкі. Каб набыць такі набор, варта было прад’явіць пасведчанне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. З 7 па 9 мая доўжыцца аналагічная акцыя ў магазінах раёна, якія рэалізуюць непрадуктовую групу тавараў. На тавары лёгкай прамысловасці, мэблю, бытавую тэхніку, будаўнічыя матэрыялы ўстаноўлена скідка 15 працэнтаў ад гандлёвай нацэнкі.

* * *

Раённы фестываль патрыятычнай песні  “Песні юнацтва нашых бацькоў”, які праходзіў у рамках рэспубліканскага праекта “Захоўваем Подзвіг. Ганарымся Перамогай”, сабраў у раённым цэнтры культуры спевакоў ад 14 да 31 года. Па ўмовах конкурсу кожны выконваў па адной песні патрыятычнай, ваеннай тэматыкі.

Пераможцамі конкурсу журы прызнала дуэт з Ракаўскай СШ у складзе Дзіны Гурынай і Аліны Ганчарык з песняй “Я хачу, каб яркае сонца свяціла”. Другое месца прысуджана вучаніцы Гародзькаўскага ВПК Надзеі Губіч, якая выканала песню “Абеліск”. Больш поўна раскрыць сэнс твора салістцы дапамагала танцавальная група. Трэцяе прызавое месца падзялілі дуэт з Багданаўскага ВПК Дзмітрый Абрамовіч і Наталля Аляшкевіч, у выкананні якога прагучала песня “Ветэранам прысвячаецца”, і трыо з Івянецкай СШ у складзе Марыі Казаковай, Надзеі Самсоненкі і Ганны Рудовіч, якія праспявалі песню “Закаты алыя”.

Сярод выканаўцаў старэйшай узроставай групы лепшай прызнана педагог Пяршайскага ВПК Кацярына Шыкуць з песняй “Чакай мяне”. Другое месца журы аддало вайскоўцу Уладзіславу Грышчанку, які выканаў песню “Прывітанне, сястрычка!”. Лепшыя выканаўцы адзначаны дыпломамі і невялікімі сувенірамі.

* * *

Напярэдадні Дня Перамогі “Белтэлекам” правёў рэспубліканскую акцыю “Дзень Перамогі. ZАLА”. Работнікі раённага вузла электрасувязі ўручылі 45 удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваным да іх асобам прыёмнікі УКХ і сервісныя тэлефонныя карты папярэдняй аплаты тэлефонных размоў. Па жаданні – бясплатна падключалі лічбавае тэлебачанне “ZALA” без памесячнай аплаты да канца 2015, юбілейнага года.

У Івянцы ў акцыі прынялі ўдзел старшыня пасялковага Савета дэпутатаў Т. Я. Ліпніцкая, дэпутат раённага Савета дэпутатаў С. І. Бурачэўскі, прадстаўнік вузла электрасувязі І. І. Малажавая, старшыня пасялковага аддзялення раённага савета ветэранаў А. П. Нядвецкая. Яны наведалі ветэранаў Ю. А. Раковіча, І. В. Елістратаву, А. М. Салаўёва, Ч. Ф. Новікаву і С. Б. Жалкевіча і ўручылі ім падарункі з віншавальнай паштоўкай.

Да друку падрыхтавала Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий