Алея смутку…

Официально

Валадкевіч Мечыслаў Ігнатавіч, 1938 г. н., беларус, дзіця, спалены.

Шэўчык Віталій Тарасавіч, 1940 г. н., беларус, дзіця, спалены.

Ванслаў Зінаіда Антонаўна, 1941 г. н., беларуска, дзіця, спалена.

Кулік Леаніда Антонаўна, 1941 г. н., беларуска, дзіця, спалена.

Кулік Лявон Іосіфавіч, 1942 г. н., беларус, дзіця, спалены. 

Вечныя дзеці. Яны засталіся ў ліпені 1943 года. Гэта толькі некалькі імёнаў са 125 чалавек, якіх спалілі 23 ліпеня 1943 года ў гумне на хутары Лапіцы.

Карная аперацыя “Герман” была накіравана супраць партызан і мясцовага насельніцтва. У час блакады фашысты і іх паслугачы зганялі людзей у Дорах у царкву, у Сярэднім Сяле – у свіран… У страшэнна трагічны дзень загінулі на Доршчыне ад рук фашысцкіх катаў 308 душ старых, маленькіх дзяцей разам са сваімі маці…

На месцы трагедыі ў Лапіцах у 1992 годзе адкрыта скульптурна-архітэктурная кампазіцыя з імёнамі загінуўшых. Аўтар Валерый Сямёнавіч Прыходзька.

Вясна – час клопату, час аднаўлення пасля зімы, час добраўпарадкавання. Таму на працягу двух дзён мы працавалі на былым хутары Лапіцы. Мы – гэта навучэнцы Дорскай школы, члены БРПА, БРСМ, салдаты мясцовай воінскай часці, настаўнікі, работнікі школы мастацтва і сельскага клуба.

Былы хутар сустрэў нас спевам птушак. Чаромха і бэз набіраліся сілы для росквіту. Работы хапіла ўсім: спілавалі лішнія дрэвы, высеклі  хмызняк, згрэблі і вынеслі леташнюю траву, высадзілі туі, пафарбавалі агароджу, абнавілі надпісы на помніку, падрыхтавалі ямкі пад саджанцы.

18 красавіка адбылося самае галоўнае. Мы залажылі алею смутку. Лясгас даставіў нам 70 саджанцаў, па колькасці мірных гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны. Пачуцці перапаўнялі мяне. Слёзы на вачах, жаль у душы і просьба “Зберажы, Божа, зямлю ад вайны”. На месцы, дзе ў агні ў нечалавечых пакутах загінулі мірныя грамадзяне Беларусі, ужо растуць манджурскі арэх з лісцем колеру крыві і каштаны з кветкамі-свечкамі.

Мы высадзілі саджанцы, якім 2-3 гады, як тым дзецям… Мы вырасцім дрэўцы дзяцінства.

Вадзім Ганчарык,

8 клас, член клуба “Галасы вайны” Дорскага дзіцячага

сада-сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *