Сайт папоўнiў сямейны архiў

Культура

Напярэдадні юбілейнай даты з Дня Перамогі да нас у рэдакцыю завітаў Аляксандр Сяргеевіч Казерскі, унук ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Барыса Мацвеевіча Макара. Аляксандр Сяргеевіч на сайце электроннага банка дакументаў «Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» (http://podvignaroda.mil.ru) адшукаў наградныя дакументы свайго дзядулі. Гэта стала прычынай у чарговы раз успомніць пра блізкага чалавека.

Копію дакумента А. С. Казерскі прынёс у рэдакцыю.

Нарадзіўся Барыс Мацвеевіч Макар у 1901 годзе ў вёсцы Мінці. У Чырвоную Армію прызваны ў канцы 1944 года. Быў тэлефаністам батарэі 120-міліметровых мінамётаў 1212-га стралковага палка 364-й стралковай дывізіі 3-й Ударнай арміі Першага Беларускага фронта. З усіх узнагарод, якія меў дзед, на сайце на дадзены момант (працягваецца работа па збору дакументаў) узгадваецца толькі ордэн Чырвонай Зоркі. Хаця ў дакуменце ўпамінаецца, што 16 красавіка 1945 года Барыс Мацвеевіч быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.

Ордэн Б. М. Макар атрымаў за ўзяцце горада Берліна ў баях з нямецкімі захопнікамі з 22 красавіка па 2 мая 1945 года. У час прарыву добра ўмацаванай абароны праціўніка 22 красавіка на паўночна-ўсходняй ускраіне Берліна батарэя вяла агонь. Ад дзеянняў ворага лінія сувязі часта рвалася. Пад моцным агнём у гэтым баі ён звязаў 9 парываў тэлефоннага кабелю, пры гэтым яшчэ ўзяў трох нямецкіх салдат у палон. 29 красавіка лінія сувязі была парвана, таму што гарэў дом, дзе праходзіла тэлефонная лінія. Пад кулямётным агнём праціўніка Барыс Мацвеевіч перапоўз вуліцу і адцягнуў лінію ад дома, які палаў. Пасля гэтага ён злучыў лінію і аднавіў сувязь. У выніку батарэя сваю задачу выканала.

Аляксандр Сяргеевіч Казерскі расказаў, за што дзядуля атрымаў медаль “За адвагу”. Чырвонаармеец вяртаўся з разведкі, нечакана насустрач выскачыла група з сямі немцаў. Барыс Мацвеевіч не разгубіўся, паспеў схавацца за маленькі пянёк і знішчыць усіх фашыстаў, у тым ліку і афіцэра.

Уразіў унука і выпадак, які пацвердзіў, што ёсць нейкае ўнутранае чуццё, якое ў крытычны момант аберагае чалавека. Вяртаючыся з данясеннем па адной з вуліц Берліна, нешта прымусіла байца перабегчы на другі бок. На тым месцы, дзе ён быў хвіліну назад, узарваўся снарад.

Пасля таго, як Барыс Мацвеевіч вярнуўся з вайны, ён быў абраны першым старшынёй свайго калгаса. А. С. Казерскі ганарыцца, што менавіта яго дзядуля заклаў калгасны сад у Шчалканах. Ён быў працавітым чалавекам, адданым блізкім і Радзіме. І сёння з цеплынёй дзеці і ўнукі ўспамінаюць свайго бацьку і дзядулю.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *