Помнiць урокi вайны

Официально

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае помніць трагічныя ўрокі мінулай вайны. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 9 мая, выступаючы на парадзе войскаў Мінскага гарнізона ў азнаменаванне 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Паводле слоў Прэзідэнта, у вялікі і светлы пераможны майскі дзень многім здавалася, што вайна ніколі не вернецца. «Але новыя часы не прынеслі чалавецтву пазбаўлення ад войнаў. Сёння мы бачым: трагічныя ўрокі вайны забыты. Зноў бярэ верх не сіла права, а права сілы. Зноў рвуцца снарады, палаюць пажары і гінуць людзі. І свет, і Еўропа набліжаюцца да небяспечнай мяжы», – падкрэсліў беларускі лідар.

«І цяпер, як ніколі, важна помніць урокі Вялікай Айчыннай вайны. Помніць аб гэтых уроках павінны і палітыкі, і кіраўнікі, і народы. Найважнейшы з гэтых урокаў такі: няма нічога больш каштоўнага за мір. І ніякія амбіцыі, ніякія разлікі, ніякія інтарэсы не вартыя таго, каб прыносіць ім у ахвяру чалавечыя жыцці», – упэўнены кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён лічыць, што ўсім цяперашнім палітычным лідарам, несумненна, будзе карысны мудры вопыт кіраўнікоў краін антыгітлераўскай кааліцыі, якія змаглі пераадолець непрымірымыя ідэйныя рознагалоссі і разам перамаглі фашызм.

Аляксандр Лукашэнка назваў глыбока сімвалічным, што ў ваенным парадзе ў Мінску разам з беларускімі воінамі прынялі ўдзел прадстаўнікі ўзброеных сіл Расіі і ЗША. «У той жа час на парадзе ў Маскве чаканілі крок беларускія армейцы, дэманстравалася тэхніка, створаная пры ўдзеле беларускіх прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу», – сказаў Прэзідэнт.

«Мір трэба ўмець абараняць», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У сваім выступленні Прэзідэнт Беларусі таксама падкрэсліў, што Вялікая Перамога 1945 года выратавала Радзіму ад заняволення, вызваліла Еўропу, падарыла ўсяму свету жыццё і свабоду. «Да перамогі нас прывялі чатыры гады бязлітаснай барацьбы, крыві і ахвяр. Шлях ад Брэсцкай крэпасці да Берліна быў надзвычай цяжкім», – сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўны ўдар фашыстаў прыняла на сябе беларуская зямля, дзе разыграліся найбольш жорсткія і трагічныя падзеі пачатку вайны. «Менавіта тут, на зямлі Беларусі, быў пахаваны гітлераўскі план маланкавай вайны і закладзены фундамент будучай Вялікай Перамогі, – сказаў Прэзідэнт. – Ворагі кідалі супраць нас сотні тысяч карнікаў, яны дзейнічалі з варварскай першабытнай жорсткасцю, раўнавалі з зямлёй нашы гарады і вёскі, вешалі, расстрэльвалі і спальвалі зажыва нашых жанчын, дзяцей і старых. З намі вялі вайну на поўнае знішчэнне».

Звяртаючыся да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, Прэзідэнт падкрэсліў, што жыццё іх пакалення служыць сапраўдным прыкладам доблесці, высокага патрыятызму і духоўнай велічы. «Мы вучымся ў вас шчыра любіць Радзіму і верыць у яе будучае. Нізкі паклон і бязмежная ўдзячнасць вам за мір і спакой! Беларусь свята шануе і заўсёды будзе помніць ваш гераічны подзвіг!» – сказаў беларускі лідар.

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий