З пашанай да ветэранаў

Официально

Мінулы тыдзень праходзіў пад знакам Вялікай Перамогі. Калейдаскоп мерапрыемстваў быў яркі і маштабны. З усіх раёнаў Міншчыны 6 мая прыбылі дэлегацыі ў Маладзечна, дзе адбылося абласное свята “Паклонімся вялікім тым гадам!”.

Спачатку ўсе ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў цэнтральны парк горада, дзе ля мемарыяла ў гонар воінаў-вызваліцеляў прайшоў урачысты мітынг. Чорны гранітны пастамент літаральна за некалькі хвілін стаў чырвоным ад мноства яркіх жывых гваздзікоў, карзін з кветкамі ў імя памяці аб тых, хто на вайне аддаў сваё жыццё за мірнае неба, хто падарыў нам радасць Перамогі. А затым члены дэлегацый, прадстаўнікі ўлады, дэпутаты парламента сабраліся ў гарадскім Палацы культуры, дзе адбылася вялікая святочная праграма. На першых радах у глядзельнай зале сядзелі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, бляск іх шматлікіх узнагарод за ратны подзвіг хваляваў сэрцы прадстаўнікоў усіх пакаленняў, шматлікую моладзь. На высокую патрыятычную ноту настроіла прысутных і хранікальна-дакументальная стужка на тэму вызвалення нашай Радзімы ад карычневай фашысцкай чумы. Пра велічнасць і значнасць подзвігу народа, легендарных прадстаўнікоў Міншчыны гаварыў у сваім выступленні перад залай і старшыня абласнога выканаўчага камітэта Сямён Барысавіч Шапіра. Ён уручыў ветэранам Падзякі аблвыканкама, узнагародзіў Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу парламента старшыню абласной ветэранскай арганізацыі Р. Рылькова, уручыў ім букеты кветак. Усе, хто выступаў у той святочны дзень на сцэне, падкрэслівалі значнасць Перамогі над фашызмам, пераемнасць пакаленняў і слаўных традыцый. Сапраўдным падарункам ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія прысутнічалі ў глядзельнай зале, стаў святочны канцэрт. Свае таленты прадэманстравалі лепшыя творчыя калектывы сталічнага рэгіёна краіны. Умела аб’яднаўшы творчыя здольнасці найлепшых харэографаў, вакалістаў, музыкантаў вобласці ў асобны маштабны нумар, удалося стварыць запамінальную, поўную светлых эмоцый, святочную праграму.

На сцэне выступіў і наш зямляк, прафесіянальны саліст Уладзімір Александровіч, а таксама вакальная група “Чысты голас”, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, Маладзечанскі сімфанічны аркестр і іншыя артысты.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *