Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

 Літаральна напярэдадні Дня Перамогі выйшаў з друку чарговы калектыўны зборнік членаў літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага цэнтра культуры “Помнім і Жывём”. У зборнік, у якім больш за 200 старонак, увайшлі творы 36 аўтараў, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі, Валожынскаму раёну і роднаму гораду. Тыраж кнігі – 300 экзэмпляраў, яна складаецца з двух раздзелаў – “Помнім” і “Жывём”.

Зборнік убачыў свет пры фінансавай падтрымцы райвыканкама. Аўтары таксама шчыра ўдзячны зямлячцы, цяпер жыхарцы сталіцы, Ларысе Кушнерскай, якая аказала спонсарскую дапамогу.

У гэтым месяцы рашэннем райвыканкама назначаны мацярынскі капітал у размеры 10 тысяч долараў ЗША першым шасці сем’ям раёна, у якіх сёлета нарадзілася на свет трэцяе дзіця.

Былі разгледжаны заявы Алены Канстанцінаўны Сасноўскай з аграгарадка Пяршаі, Анастасіі Юр’еўны Анташок з Валожына, Алены Сямёнаўны Фарыно з аграгарадка Доры і жыхарак Валожына Марыны Валер’еўны Нахай, Ірыны Міхайлаўны Сак, Людмілы Аляксандраўны Сухадолец. Дакументы перададзены ў Цэнтр банкаўскіх паслуг ААБ “Беларусбанк” у Валожыне.

  

На турнір інтэлектуальных гульняў у рамках рэспубліканскай акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі”  сабраліся 6 каманд з навучальных устаноў раёна. У кожнай было заяўлена па 6 удзельнікаў ад 15 да 17 гадоў.  Праграма турніру складалася з 2 конкурсаў: інтэлектуальны марафон з трох раўндаў па 10 пытанняў у кожным і фотаконкурс “Марш-кідок” па зададзенай тэматыцы.

У першым конкурсе на адказ на адно пытанне (у пісьмовай форме) давалася хвіліна. Усе пытанні тычыліся ваеннай тэматыкі – вызвалення раёна, Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Другой сусветнай вайны. У другім – за 30 хвілін патрабавалася зрабіць фота, якое б сімвалізавала 70 гадоў Перамогі, і затым “абараніць” яго. Па выніках двух конкурсаў пераможцай была прызнана каманда інтэлектуалаў Ракаўскай СШ. Другое і трэцяе месцы дасталіся іх равеснікам з СШ № 1 райцэнтра і гімназіі № 1.

У гульнях юных знаўцаў прымалі ўдзел таксама каманды СШ № 2, Пугачоўскай і Багданаўскай сярэдніх школ. Камандзе-пераможцы быў уручаны насценны гадзіннік, усім астатнім – салодкія падарункі, дыпломы і падзякі. Журы адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі каманд, добрыя веды. Сярод сваіх равеснікаў асабліва выдзяляўся дзевяцікласнік Ракаўскай СШ Уладзіслаў Цімашэнка.

  

З пачатку 2015 года ў раённае Таварыства Чырвонага Крыжа звярнуліся за дапамогай 67 жыхароў Украіны, якія знайшлі прытулак у нашым раёне. Ім выдзелены “ваўчары” на прадукты харчавання і адзенне (прыкладна больш чым 1,5 млн рублёў на аднаго чалавека). Рэалізаваць “ваўчары” неабходна ў Мінску ў вызначаных для гэтых мэт магазінах. Акрамя таго, Таварыства Чырвонага Крыжа аказвае кожнаму гуманітарную дапамогу аддзеннем, прадметамі быту, посудам.

З пачатку года ў аддзеле занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама выдадзены 63 дазволы на прыцягненне да работы ў арганізацыях раёна грамадзян Украіны. Такія ж дазволы выдадзены таксама 4 грамадзянам Узбекістана.

 

У раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу акцябрацкіх груп “Суперзорачка”, які праходзіў у сярэдняй школе № 2 райцэнтра, прынялі ўдзел каманды 9 школ раёна. У акцябрацкай зорачкі пяць канцоў-вяршыняў, адпаведна было пяць конкурсных намінацый.

Спачатку была візітоўка, затым – “Дружныя рабяты” (разбор канкрэтнай сітуацыі), “Разумныя рабяты” (адказы на пытанні па гісторыі піянерскага руху), “Таленавітыя рабяты” (дамашняе заданне на лепшы выраб), “Спартыўныя рабяты”. Перамагла ў конкурсе акцябрацкая група “Вясёлка” СШ № 2, якая прадставіць наш раён на абласным этапе. Другое месца ў акцябрацкай групы “Радасць” Івянецкай СШ, трэцяе месца падзялілі каманды “Энергія” і “Праменьчыкі” з Яршэвіцкай СШ і СШ № 1 райцэнтра. У намінацыі “Таленавітыя рабяты” асабліва ўдалай была работа з салёнага цеста акцябрат Пугачоўскай СШ. У конкурсе ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі Багданаўскай, Сакаўшчынскай, Ракаўскай і Дорскай школ.



Добавить комментарий