Эстафета пакаленняў

Культура

Нядаўна адбылася ўрачыстасць, прымеркаваная да Дня працы, падчас якой ушаноўвалі людзей, што ўсё сваё жыццё прысвяцілі роднаму раёну, а выйшаўшы на заслужаны адпачынак, застаюцца такімі ж актыўнымі і патрэбнымі грамадству, як і раней.

Арганізатары  мерапрыемства – раённы каардынацыйны Савет грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі – прысвяцілі “Эстафету пакаленняў” 75-годдзю ўтварэння Валожынскага раёна  і 70-годдзю Вялікай Перамогі.

Ветэранаў працы і Вялікай Айчыннай вайны вітаў старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч. Уладзімір Антонавіч адзначыў, што зараз, як ніколі, нашаму грамадству патрэбны вопыт, працоўныя і творчыя набыткі сталых людзей, якія добра зведалі цану працоўных і баявых перамог. Тэму пераемнасці пакаленняў падтрымалі і госці свята: намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Алег Аляксандравіч Маслаў і старшыня Мінскага абласнога каардынацыйнага Савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, першы сакратар абласнога камітэта камуністычнай партыі Беларусі, ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці Марыя Мікалаеўна Худая. Ад імя тых, хто ў свой час дбайна шчыраваў, дабіваючыся найвышэйшых вынікаў працы, тым самым памнажаючы працоўныя здабыткі і гонар Валожыншчыны, выступілі кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, член Саюза пісьменнікаў Беларусі  Марыя Антонаўна Шакун і першы сакратар раённага камітэта камуністычнай партыі Беларусі Ірына Сяргееўна Каваленка.

Шмат цёплых слоў гучала ў той дзень у адрас ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія, нягледзячы на ўзрост, як і раней, у страі. Усё жыццё яны добрасумленна, не зважаючы на цяжкасці, працавалі на карысць Радзіме і гэтак жа аддана яе абаранялі. Напярэдадні свята Вялікай Перамогі ветэраны – галоўныя героі ўсіх урачыстасцей, у першую чаргу з удзелам моладзі. Вось і гэты Першамай таксама аб’яднаў пакаленні. Кульмінацыйным момантам мерапрыемства стаў прыём дзяўчат і юнакоў у рады актывістаў маладзёжнага грамадскага аб’яднання “БРСМ”, а акцябрат гімназіі № 1 г. Валожына – у члены грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”.

Гасцям свята былі ўручаны памятныя падарункі і сімвалы Рэспубліканскай акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі”. Менавіта яблыневы цвет на фоне чырвона-зялёнай стужкі быў на грудзях галоўных герояў  Дня Перамогі – шаноўных ветэранаў, а таксама ўсіх тых, для каго мірнае неба над роднай Беларуссю і адданая праца на яе карысць – найвялікшая каштоўнасць. Урачыстай одай шчырым, працалюбівым людзям, дзякуючы намаганням якіх развіваецца і мацнее Валожыншчына, стаў святочны канцэрт з удзелам салістаў і творчых калектываў устаноў культуры раёна.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий