Каб фігура стройнай стала, не цурайся хлеба, сала…

Общество

Усе мы станоўча ставімся да здаровага ладу жыцця, але як часта тэорыя разыходзіцца з практыкай! А вось выхавацель дзіцячага сада № 2 Вера Міхайлаўна Каваленка штодзень жыве ў згодзе з гэтымі прынцыпамі. “Вера Міхайлаўна – актыўная ўдзельніца спартыўных мерапрыемстваў, яна з тых, хто проста апантаны здаровым ладам жыцця”, – гавораць пра яе ў аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.
Веры не выпала ў дзяцінстве сур’ёзна займацца спортам, але ўрокі фізкультуры любіла і ніколі не разумела тых, хто стараўся ўсімі праўдамі і няпраўдамі прагуляць заняткі. Памятае, як хацелася спяваць ад шчасця, калі тата прынёс канькі – такія элегантныя, прыгожыя. Яна іх тут жа абула і хадзіла ўвесь вечар па хаце. Магчыма, гэты прыём і дазволіў дзяўчынцы вельмі хутка асвоіць тэхніку катання.
Стаць жа сапраўднай прыхільніцай здаровага ладу жыцця ёй дапамагла выбраная прафесія. Неяк, займаючыся з выхаванцамі ранішняй гімнастыкай, Вера Міхайлаўна зразумела, што не мае права патрабаваць ад дзяцей таго, што не ўмее дакладна выконваць сама. З таго моманту яна і пусціла ў сваё жыццё спорт. Спачатку гэта былі простыя практыкаванні: прысяданні, нахілы, скачкі. Паступова нагрузкі раслі: ужо і шматкіламетровыя лыжныя прабежкі не палохалі, а веласіпед дык і наогул стаў прадметам першай неабходнасці. Спачатку многія знаёмыя, суседзі насміхаліся, нават папракалі, бо лічылі, што Вера Міхайлаўна проста не хоча займацца хатнімі справамі. Але гэта было памылковае меркаванне. Як прызнаецца жанчына, яна ніколі не круціць педалі толькі дзеля мэты праехаць як мага больш кіламетраў. Веласіпед – гэта не толькі фізічная нагрузка, але і спосаб хутчэй дабрацца ў магазін ці нейкую ўстанову, з’ездзіць на агарод ці ў лес па ягады.
Безумоўна, Веры Міхайлаўне было прыкра чуць безгрунтоўныя абвінавачванні ў тым, што яна ўхіляецца ад хатніх абавязкаў. І тады яна, як сапраўдны баец, успомніла, што лепшая абарона – гэта нападзенне. “Падлічыце, колькі часу вы праводзіце перад тэлевізарам, камп’ютэрам? – пыталася ў знаёмых, якія асабліва крытыкавалі яе сяброўства са спортам. – Не менш трох гадзін? Вось гэта я лічу сапраўды пустой тратай часу!”
Нечакана такі просты довад пачаў дзейнічаць! Многія яе апаненты нават сталі прасіцца, каб яна брала іх з сабой на заняткі шэйпінгам ці на велапрагулкі. Вера Міхайлаўна яшчэ і добры тэарэтык здаровага ладу жыцця. Яна чытае шмат медыцынскай і метадычнай літаратуры, сочыць за сусветнымі навінкамі ў галіне спорту. Да яе за кансультацыямі звяртаюцца людзі самых розных прафесій, каб атрымаць нейкую простую параду. Трэба зазначыць, што Вера Міхайлаўна ніколі не ставіць перад навічкамі ў спорце складаныя задачы. Яна раіць пачынаць з самага лёгкага, напрыклад, з дзесяці прысяданняў раніцай. Назаўтра ваш арганізм падкажа, ці гатовы вы да нагрузак у спартыўнай зале ці на трэнажорах. Баляць ногі – значыць вы яшчэ “не выспелі”, магчыма, варта нейкі час пазаймацца дыхальнай гімнастыкай “Бодзіфлекс”. Вера Міхайлаўна лічыць, што гэты від практыкаванняў незаслужана мала папулярызуецца. Трэніруючы дыхальную сістэму, можна дабіцца адначасова і паляпшэння агульнага стану здароўя, і нават зніжэння лішняй вагі. Дарэчы, сама яна не прытрымліваецца ніякіх дыет. Толькі сочыць, каб сям’я харчавалася натуральнымі прадуктамі, ні сабе, ні блізкім не забараняе сала, а вось магазінныя каўбасы і вэнджаніна ў яе халадзільнік не трапяць.
Пасля заняткаў з маленькімі выхаванцамі Вера Міхайлаўна займаецца фізічным выхаваннем дарослых – вядзе групу па шэйпінгу ў аздараўленчым цэнтры “Надзея”. “Яна хоць і строгі трэнер, але ўмее падзадорыць! – гавораць пра сваю выкладчыцу аматары спорту. – Яе заняткі ўзнімаюць настрой, паляпшаюць здароўе і знешні выгляд!”

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий