Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Будаўніцтва жылля на вёсцы не спыняецца. Па Прэзідэнцкай праграме падтрымкі вёскі ў нашым раёне з’явіліся дзве новыя будаўнічыя пляцоўкі.

Валожынскі будаўнічы ўчастак ААТ “Універсалрамбуд” прыступіў да ўзвядзення 12-кватэрнага жылога дома ў вёсцы Суднікі для працаўнікоў ААТ “Суднікаўскі”. Кошт новабудоўлі – 6,8 мільярда рублёў. Яшчэ 5 аднакватэрных дамоў упрыгожаць цэнтральную сядзібу КСУП “Пяршаі-2014”. На гэта будаўніцтва адпушчана 4,2 мільярда рублёў. На дадзеным аб’екце працуюць таксама работнікі РБУ. Увод жылля запланаваны на жнівень-верасень бягучага года.

“Беларускі падворак” дэманстравалі гасцям урачыстых мерапрыемстваў “Салют Перамогі” на Кургане Славы навучэнцы і выкладчыкі Валожынскага прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя.

Адзіную кампазіцыю “Беларускага падворка” ладзілі наш ліцэй, а таксама Слуцкі і Смілавіцкі. Нашым землякам дасталася самая вялікая плошча ў цэнтры падворка. З запаснікаў ліцэйскага музея дасталі разнастайныя прылады сялянскай працы, экспазіцыю ўпрыгожылі вышыванымі ручнікамі, саматканымі посцілкамі, абрусамі. Як мае быць у гасцінных беларусаў, накрылі стол, на якім былі прадстаўлены ў вялікім асартыменце нацыянальныя стравы: дамашнія каўбасы, сала, квашаная капуста, салёныя агуркі ды мочаныя яблыкі. Частавалі гасцей таксама бярозавым сокам, самаробным хлебным квасам. Аформілі куток Памяці, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі.  За дзень на падворку пабывала шмат людзей з розных куткоў не толькі Беларусі. А прадстаўнікі “БЕЛАЗа” нават запрасілі навучэнцаў да сябе на экскурсію.

У Маладзечне прайшлі занальныя спаборніцтвы па настольным тэнісе ў рамках Спартакіяды сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства. У спаборніцтвах удзельнічалі юныя спартсмены 2001-2003 гадоў нараджэння.

Каманда дзяўчат нашага раёна заняла першае месца і будзе ўдзельнічаць у абласным этапе спартакіяды. Вось імёны пераможцаў:  Настасся Патоцкая, Яна Раманчык і Вераніка Дзянісік (усе Ракаўская СШ), Вольга Капыша (Гародзькаўская СШ). Каманда юнакоў заняла другое месца і на вобласць не выйшла.

 

Больш за 30 ветэранаў працы з Багданава і навакольных вёсак сабраліся 6 мая ў Багданаўскім сельскім цэнтры культуры на сустрэчу з актывістамі раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа.

В. а. старшыні раённага Таварыства Жанна Мікалаеўна Жывіцкая расказала пра гуманную місію Таварыства, якое ўзначальвае шмат дзесяцігоддзяў, пра акцыі, у якіх удзельнічаюць жыхары раёна. Мясцовыя культработнікі падрыхтавалі невялікую канцэртную праграму. Затым жадаючыя атрымалі гуманітарную дапамогу. Аналагічныя акцыі запланаваны на гэты месяц у Сакаўшчынскім сельскім Доме культуры і ў Івянецкім сельсавеце.

 

Лепшыя вучні 8-9 класаў Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната пабывалі ў Мінску, дзе пазнаёміліся з экспазіцыяй музея Вялікай Айчыннай вайны, пабывалі на прэм’ерным спектаклі  ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ім пашчасціла трапіць на прэм’ерны спектакль “Дзед”, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Выхаванцы школы-інтэрната сталі таксама сведкамі рэпетыцыі святочнага парада: у той дзень трэніраваліся спартсмены-веласіпедысты і гімнасты. Хапіла часу і на наведванне Вострава слёз у Траецкім прадмесці.

 

9 Мая абанемент на бясплатнае карыстанне паслугамі гарадской лазні да канца 2015 года быў  выдадзены двум актыўным наведвальнікам лазні – ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Аляксею Іванавічу Санталаву і Самуілу Ісакавічу Штэйнеру.

Ініцыятыву дэпутата райсавета Алега Аляксандравіча Бобрыка падтрымала кіраўніцтва жылкамунгаса і зрабіла такі падарунак ветэранам. Здаецца, дробязь, але прыемна. Хаця, калі ўдумацца, то і не такая ўжо і дробязь. Сёння білет у лазню каштуе 35 тысяч рублёў.



Добавить комментарий