Парадуемся шчыра за землякоў

Люди и судьбы

Многія карэнныя выхадцы з Валожыншчыны і людзі, якія рабілі першыя прафесіянальныя крокі на нашай зямлі, сталі вядомы далёка за межамі рэспублікі. Яны ўпісалі свой радок у летапіс не толькі раёна, вобласці, але і свету. На змену гістарычным асобам прыходзяць іх нашчадкі, маладое пакаленне.

 Ураджэнец вёскі Сакаўшчына, выпускнік Валожынскай музычнай школы Валянцін Сухадолец – вядомы ў музычных колах спявак, славуты тэнар.

Амаль дзесяць гадоў ён спяваў у гурце “Хор Турэцкага”, калі той быў яшчэ не такі раскручаны, калі таксама толькі набіраўся прафесіянальных сіл. Потым Валянцін пайшоў у “свабоднае плаванне”.

І вось нядаўна стала вядома, што за шматгадовую плённую дзейнасць, якая садзейнічае развіццю Расійскай Федэрацыі, Валянцін Сухадолец узнагароджаны вышэйшым ордэнам грамадскага прызнання “Ганаровы грамадзянін Расіі”.  Цырымонія ўзнагароджвання праходзіла ў Маскве ў “Прэзідэнт-Атэлі”. Варта сказаць, што гэта ўзнагарода прысуджаецца лепшым грамадзянам Расіі ў розных сферах жыцця, ад гаспадарнікаў, вучоных да музыкантаў.

 

 

Яшчэ адзін наш зямляк, жыхар Валожына (і, трэба сказаць, сапраўдны яго патрыёт)  вадзіцель Дзмітрый Біончык у красавіку атрымаў медаль, сярэбраны значок і Ганаровы дыплом асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў.

У Асацыяцыю ўваходзяць 47 краін свету. Да ўзнагароды нашага земляка прадстаўляла расійская фірма, на якую ён працуе ў апошнія гады. Існуе крытэрый, па якім адбіраюць лепшых аўтамабілістаў: больш за 20 гадоў за рулём, 1 мільён наезджаных кіламетраў, ніводнай аварыі.

Дзмітрый Біончык нарадзіўся ў Валожыне, скончыў сярэднюю школу № 1. Упершыню сеў за руль у арміі, калі служыў у Групе Савецкіх войск у Германіі. Затым значнай вяхой у жыцці вадзіцеля стаў аўтапарк № 14, дзе адпрацаваў шмат гадоў, і які, як прызнаўся, да гэтага часу сніцца па начах.  За рулём Дзмітрый больш за 40 гадоў. Паспеў аб’ехаць увесь былы СССР і большасць краін Заходняй Еўропы.

У нашым раёне Д. Біончык пакуль адзіны вадзіцель-дальнабойшчык, які мае такую ўзнагароду.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий