Калодзежы памяцi не перасыхаюць…

Культура

Лета 41-га года выдалася занадта спякотным. Неба не мілавала людзей цёплымі дажджамі. І таму неглыбокі калодзеж быў жыватворным астраўком на далёкім хутары. Але немцы і яго ўзялі ў своеасаблівы “палон”. Масіўныя валуны з вышыні плюхаліся ў яго халоднае бяздонне, глухім рэхам вырываліся наверх гукі-стогны. Праз нейкі час сцюдзёнай вады ўжо было не дастаць  – камяні запоўнілі ўсё ўлонне. Заціх назаўсёды некалі  вёрткі “калаўрот” над калодзежам, самотна павіс  металічны ланцуг з прычэпленым да яго вядром…

“Дзе ж цяпер раздабыць вады, каб прыгатаваць ежу, каб напаіць скаціну?!” – не без прычыны гаравалі хутаране. Разгубленыя гаспадары з дакорам глядзелі на фашыстаў, сяляне ведалі, што яны бязвольныя перад лютым  ворагам. “Калі немец побач, бойся што сказаць, бойся што зрабіць, бо жыццё тваё можа абарвацца назаўсёды”, – успамінае былое мой субяседнік. Гэтыя словы некалішняга хутараніна, а цяпер жыхара вёскі Гардынава Франца Канстанцінавіча СІВАГА я міжволі ўспомніла ў адной з экспазіцыйных залаў Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што ў сталіцы нашай рэспублікі. Там сярод шматлікіх інсталяцый знаходзіцца і калодзеж, да самага верху завалены камянямі – як здзек фашыстаў над людзьмі, якія аказаліся на акупіраванай тэрыторыі.

…Столькі вады сплыло з той трывожнай, страшнай пары! А з калодзежа ўспамінаў усё чэрпаеш і чэрпаеш  боль і горыч вайны. Францу Канстанцінавічу, які нарадзіўся ў 1929 годзе, ваяваць з ворагам не давялося. Але раны вайна пакінула і ў яго тады яшчэ дзіцячай свядомасці.  Тыя шчымлівыя ўспаміны нібы раслі разам з ім і ўвесь час узважвалі ўсе будзённыя “скарбы” на чашы зямных каштоўнасцей. Сведка мінулай вайны некалькі эмацыянальна, але праўдзіва разважае: “Самыя цяжкія гады я ўжо пражыў. Хоць і на вайне не быў. Ніхто тады не паверыў бы, што мы так добра сёння жыць будзем. Еш, што толькі захочаш, купляй, што душа пажадае. А гультаі некаторыя яшчэ жаляцца! Рабіць не хочуць! А іх ніхто і не чапае…”

Жыхар Гардынава дзеліцца сваёй простай жыццёвай філасофіяй з карэспандэнтам і міжволі праводзіць паралель з падзеямі ваеннай пары. Тыя далёкія перажыванні разгараюцца нанова, нібы агонь пад моцным ветрам. Мой субяседнік успамінае, як па нізінных вуліцах Валожына немцы гналі “на лес” мноства палонных чырвонаармейцаў. Яны былі акрываўленыя, босыя, змарнаваныя. Нібы прывіды, паўстаюць перад вачыма Ф. К. Сівага жорсткія часы мінулай вайны. Франц Канстанцінавіч расказвае, што з гімнасцёрак некаторых палонных чырвонаармейцаў акупанты бесцырымонна зрывалі баявыя ўзнагароды і кідалі іх на пыльную вуліцу. Менавіта гэтай дарогай праз нейкі час і вяртаўся з працы дадому млынар Алюк Сівы.  У той дзень ён быў крыху нападпітку. І калі знайшоў медаль на дарозе, то з радасцю ўзяў яго ў рукі, уважліва разгледзеў і вырашыў не ў кішэню схаваць, а прымацаваць да сваёй кашулі, нібы хочучы такім чынам кінуць ворагу выклік. І па горкай іроніі лёсу на тым кароткім шляху, які заставаўся яму, каб дабрацца да роднай хаты, Алюк сустрэўся з немцам. Фашыст, убачыўшы баявую ўзнагароду на грудзях гэтага млынара, выпусціў у яго некалькі куль, якія падкасілі мужчыну, нібы той малады дубок… Курчачыся ад болю, млынар паваліўся на пыльную дарогу і ўжо больш ніколі не падняўся.   Успамінаючы той трагічны эпізод, мой субяседнік не можа стрымаць слёз. Ён яшчэ не раз у час нашай размовы будзе неўпрыкмет прыкрываць напрацаванай далонню свае пачырванелыя вочы і працягла маўчаць, знаходзячыся сам-насам са сваімі думкамі пра далёкае ваеннае ліхалецце.

Суладаўшы са сваімі эмоцыямі, Франц Канстанцінавіч расказваў мне  і пра тое, як немцы загацілі рэчку Валожынку і сілком зганялі сюды яўрэяў, як пакутавалі гэтыя людзі ад страху і голаду. Пры ўваходзе ў гета за калючым дротам стаяў драўляны цэбар. Жыхары горада, не пазбаўленыя жалю і спачування да іншых, дзяліліся з палоннымі, чым маглі. Супы, малако, вараная бульба – усё, што прыносілі ў гета гараджане і вяскоўцы, вылівалася і высыпалася ў той цэбар. Міласэрныя ўчынкі людзей, якія не развучыліся спачуваць  у гады вайны, выратоўвалі жыцці іншым. Стаяла лета, харчовых запасаў у кожнага быў мізэр, а новага ўраджаю яшчэ трэба было дачакацца. Людзі стараліся размеркаваць сціплыя прадукты так, каб падмацаваць уласную сям’ю ды з іншымі па магчымасці падзяліцца. У цэнтры горада немцы разбамбілі харчовыя склады. Перамешанае з зямлёй, там ляжала шмат проса. Пры жаданні можна было гэтым дабром набіць торбу і прынесці дахаты. Так многія і рабілі. Зерне ветрылі, затым старанна прамывалі, але поўнасцю ад зямлі яго ачысціць не ўдавалася. У галодную вайну і такая “каша” была людзям у радасць. Ваеннае ліхалецце няпроста было перажыць нават у акупацыі, не кажучы ўжо пра франтавыя выпрабаванні. І калі настала Вялікая Перамога, людзі лікавалі. З якой энергіяй, працавітасцю яны ўзяліся адбудоўваць новае жыццё! Як светла марылі пра сваё шчасце.

Ужо пасля вайны Франц Канстанцінавіч чатыры гады праслужыў у арміі. Затым паехаў узнімаць цаліну. Там зарабіў неблагія грошы. Вярнуўся на сваю малую радзіму. Праз нейкі час удалося паставіць хоць сціплую, але ўсё ж сваю хатку. Ішоў нашаму герою ўжо трыццаты год. У новую хату ён прывёў маладую гаспадыню – сваю жонку Зою. З ёй і цяпер ён неразлучны. Падтрымліваюць адзін аднаго ў глыбокай старасці. Разам змагаюцца з рознымі хваробамі. Сапраўдная радасць для бацькоў – дачка Алена, унучка Юля і зяць Сяргей, якія нярэдка наведваюцца з Мінска.    Амаль трыццаць гадоў Ф. К. Сівы адпрацаваў слесарам-меднікам у рамонтнай майстэрні райаграпрамтэхнікі.  А цяпер пасільнай працай займаецца пенсіянер ва ўласнай гаспадарцы.

…Боль вайны, які жыве ў памяці старэйшых, – гэта камертон маральных, патрыятычных прынцыпаў, які не паддаецца імкліваму часу. Заўсёды ў памяці пакаленняў будзе трагічны чэрвень 1941 года і квітнеючы май Вялікай Перамогі. У прыродзе нічога не бывае выпадкова. Ёсць вялікі сэнс у тым, што менавіта на самы прыгожы месяц года прыпадае такая трыумфальная  ўрачыстасць – 9 Мая. Са святам усіх, хто ваяваў, хто памятае боль і гераізм зямлі, якая млела ў ранах вайны 1418 дзён і начэй і дачакалася пераможнай вясны 45-га…

Ірына ПАШКЕВІЧ,фота аўтара



Добавить комментарий