Беларусь: падзеі і факты

Официально

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада зрабіць усё магчымае і немагчымае для захавання кваліфікаваных кадраў.

На нарадзе прадметна разглядалася сітуацыя на рынку працы Беларусі. «Гэта тэма асабліва актуальная, паколькі закранае інтарэсы многіх людзей і ўплывае на стабільнасць грамадства і дзяржавы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што яму дакладваюць аб трывожных тэндэнцыях у гэтай сферы. «Скарачаецца колькасць занятага насельніцтва, ды і няпоўная занятасць расце», – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў прысутным, і асабліва ўраду, аб першараднай задачы: «Як бы ні было цяжка, неабходна захаваць кваліфікаваныя кадры. Для гэтага трэба зрабіць не толькі ўсё магчымае, але і немагчымае».

Беларусь прапрацоўвае магчымасці павелічэння паставак айчыннай сельгастэхнікі на еўрапейскі рынак.

Беларускі бок з еўрапейскімі партнёрамі абмяркоўвае пытанні пашырэння паставак сельскагаспадарчай тэхнікі, таму што Расія ўжо не спажывае такія аб’ёмы, як раней. Таксама вядуцца размовы аб захаванні нашых пазіцый на ўкраінскім рынку. Ёсць добрыя зрухі па рынку Азіі.

Фізічныя аб’ёмы паставак беларускай прадукцыі за мяжу захоўваюцца практычна на ранейшым узроўні, па некаторых пазіцыях адбылося павелічэнне.

 

Заключная канферэнцыя Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія-Літва-Беларусь» на 2007-2013 гады прайшла ў горадзе Рэзекне з удзелам генеральнага консула Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзіміра Клімава.

У час канферэнцыі была дадзена станоўчая ацэнка вынікам рэалізацыі сумесных праектаў, адзначаны станоўчы вопыт работ партнёраў, а таксама абазначаны перспектывы далейшага трансгранічнага супрацоўніцтва бакоў, на якое па новай праграме ЕС на 2015-2020 гады плануецца выдзеліць больш як 80 млн еўра.

 

Спецыялісты Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі распрацавалі рэкамендуемыя мерапрыемствы па добраахвотным аб’яднанні ў холдынгі арганізацый, якія выходзяць з-пад ведамаснага кантролю.

«Мерапрыемствы змяшчаюць вызначэнне арганізацый, выводзімых з-пад ведамаснага кантролю, а таксама пакрокавыя дзеянні па іх уключэнні ў склад удзельнікаў холдынгаў у якасці даччыных кампаній», – растлумачылі спецыялісты. Для ўключэння іх у холдынг неабходна будзе заключыць з кіруючай кампаніяй дагавор аб перадачы апошняй асобных паўнамоцтваў па кіраванні арганізацыямі. Прыкладная форма такога дагавора ўжо ўзгоднена Дзяржкаммаёмасцю з Міністэрствам эканомікі Беларусі.

 

Беларусь 15 мая цалкам перайшла на наземнае лічбавае тэлевізійнае вяшчанне.

«Сімвалічны поўны пераход на наземнае лічбавае тэлевізійнае вяшчанне адбыўся, калі аналагавае эфірнае тэлевізійнае вяшчанне ў дэцыметровым дыяпазоне хваль спынілася на апошніх 10 аб’ектах, у тым ліку на галоўнай радыётэлевізійнай перадаючай станцыі краіны ў Калодзішчах», – растлумачылі ў Мінсувязі.

Для прыёму абавязковага агульнадаступнага пакета тэлепраграм неабходны тэлевізар з падтрымкай стандарту DVB-T і фармату кадзіравання MPEG-4 або лічбавая тэлевізійная прыстаўка з аналагічнымі параметрамі, якая падключаецца да звычайнага тэлевізара. Для інфармавання насельніцтва аб пераходзе на лічбавае эфірнае тэлевяшчанне створана даведачная служба, куды можна пазваніць па кароткім нумары 172.

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий