Працуюць на заказ

Общество

80,8 тысячы бутэлек харчовага льнянога алею адпраўлены ў продаж з ААТ “Валожынскі льнокамбінат” за чатыры месяцы бягучага года.

Асноўным і, можна сказаць, ужо пастаянным заказчыкам з’яўляецца буйная сетка магазінаў “Еўрагандаль”: сёлета туды адгружана 64,7 тысячы бутэлек. Сярод спажыўцоў таксама Бабруйскі завод расліннага алею, магазіны Белкаапсаюза, прыватныя гандлёвыя кропкі. Па словах намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Н. В. Гідлеўскай, у цэху па выпуску і разліву льнянога алею працуюць на заказ – пастаўкі распісаны на месяц наперад.

Галоўны складальнік – ільнасемя, з якога вырабляецца карысны прадукт, апошні час закупляюць на льновытворчых прадпрыемствах Мінскай вобласці, бо ўласны запас, зроблены летась, даўно выкарысталі. Таксама варта адзначыць, што валожынскія вытворцы па аб’ёмах рэалізацыі льнянога алею абагналі нават ААТ “Лідлён” і, можна сказаць, з’яўляюцца манапалістамі ў гэтай галіне сярод прамысловых прадпрыемстваў рэспублікі.

Пастаянны попыт на льняны алей дае магчымасць ААТ “Валожынскі льнокамбінат” працаваць без страт, не скарачаць вытворчасць, своечасова выплачваць заработную плату. А гэтыя складальнікі стабільнай работы самыя важныя ў цяперашняй няпростай эканамічнай сітуацыі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий