Па вобласці зарэгістравана 8 выпадкаў смерці ў вадзе

Закон и порядок

Сёлета па вобласці зарэгістравана 8 выпадкаў смерці ў вадзе.  З 1 мая на вадасховішчы ў вёсцы Гардынава арганізавана дзяжурства выратавальнікаў Таварыства выратавання на водах.

Гэта звязана і з тым фактам, што ўжо знайшліся асобныя “смельчакі”, якія паспрабавалі прымаць водныя працэдуры ў гэтыя, трэба сказаць, далёкія ад цёплых дні.

Катэгарычна забараняецца акунацца ў ваду, тэмпература якой ніжэйшая за 18 градусаў. Да таго ж купанне, а тым больш ныранне, небяспечнае і тым, што цячэннем нават на глыбокія ямы магло прынесці карчы, рэшткі старых дрэў. Таму для купання трэба выбіраць месцы, спецыяльна адведзеныя пад гэтыя мэты, з чыстым пясочным берагам. Катэгарычна забаронена пакідаць дзяцей без нагляду старэйшых ці дарослых. Знаходзіцца ў вадзе рэкамендавана не больш за 15 хвілін.

Калі вы доўга былі на сонцы, рэзка ўваходзіць ці скакаць у ваду не варта: пры ахаладжэнні мышцы сутаргава скарачаюцца, і гэта прыводзіць да спынення сэрца. Купацца таксама нельга і ў стане алкагольнага ап’янення. Не нырайце з мастоў і прычалаў, не падплывайце блізка да лодак і катэраў. Варта таксама ведаць, што абмежавальныя знакі на вадзе ўказваюць на канец акваторыі з правераным дном. Ні ў якім разе не купайцеся пры вялікай хвалі. Трапіўшы ў моцнае цячэнне, не плывіце супраць яго, а выкарыстайце, каб наблізіцца да берага. Трапіўшы ў водаварот, набярыце ў лёгкія больш паветра, апусціцеся ў ваду і зрабіце моцны рывок у накірунку цячэння. Гэта дапаможа ўсплысці на паверхню.

Сёлета адбыліся змены ў дыслакацыі зон адпачынку. Па-ранейшаму гэта Жоўты Бераг, вадасховішча ў Гардынаве, а вось трэцяе перанеслі з Івянца на Сакаўшчынскае вадасховішча. Гэта звязана з пагаршэннем агульнага стану Івянецкага вадаёма, інтэнсіўным ростам воднай расліннасці. Магчыма, у недалёкім будучым з’явіцца яшчэ адна зона адпачынку – у Багданаве. Кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі выступіла з такой ініцыятывай. Стрымліваючым фактарам з’яўляецца фінансавы бок: трэба ўстанавіць альтанкі, туалеты, упарадкаваць кастрышчы і інш.

Асобнае пытанне падтрымання бяспекі на вадзе – выраб нагляднай агітацыі. На гэтыя мэты і ідуць узносы, сабраныя райарганізацыяй ТВВОД, якая налічвае сёння амаль 4 тысячы членаў. Вялікую падзяку кіраўніцтва арганізацыі адрасуе аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, непасрэдна яго начальніку Наталлі Чарнышовай. Іх фінансавы ўклад, рэалізаваны ў плакатах, расцяжках, лістоўках і іншых папераджальна-засцерагальных матэрыялах, дапаможа выратаваць не адно жыццё, данесці сэнс бяспечных паводзін на вадзе куды больш шырокаму колу насельніцтва.

Юльян БАЛДОЎСКІ,

старшыня райарганізацыі ТВВОД,

Сяргей ЛАТЫШАЎ,

намеснік начальніка РАУС



Добавить комментарий