Супраць смецця – вiдэа i gps

Закон и порядок

Каб спыніць парушэнні ляснога заканадаўства, кіраўніцтва ДЛГУ “Валожынскі лясгас” пайшло сёлета па шляху сваіх фінскіх калег, устанавіўшы ў лесе пераносныя фотапасткі…

Гэтыя прыборы, пастаянна падключаныя да Інтэрнэту, вядуць шырокафарматныя фота- і відэаздымкі з высокай дэталізацыяй як у дзённы, так і ў начны час. Рэагуюць яны на любы падазроны рух. Інфармацыя з устройства за лічаныя секунды накіроўваецца на мабільныя тэлефоны і іншыя электронныя сродкі сувязі работнікаў лясной гаспадаркі. Калі таго патрабуюць абставіны, яны не замарудзяць з’явіцца на месцы здарэння і аператыўна высветліць сітуацыю. А яна можа быць рознай – ад фактаў браканьерства да крадзяжу лесаматэрыялаў, самавольных высечак або вывазу бытавога смецця ў лясны масіў… Украсці ці нейкім іншым чынам пазбавіцца ад фотапасткі не атрымаецца: у прыбор убудавана функцыя геалакацыі (GPS) з аўтаномным сілкаваннем, таму яго месцазнаходжанне заўсёды вядома работнікам.

Дарэчы, менавіта на засмечванні ляснога масіву і былі зроблены дадзеныя кадры. Магчыма, вінаватыя пазнаюць сябе на здымках і больш не будуць прычыняць шкоду прыродзе. Гэта тычыцца таксама і арганізацый. Трэба нагадаць, што згодна з артыкулам 15.30 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь забруджванне лесу і іншай драўняна-хмызняковай расліннасці караецца штрафам да 20 базавых велічынь на фізічную асобу, да 50 – на індывідуальнага прадпрымальніка і да 300 – на асобу юрыдычную. На з’ездах у лес устаноўлены аншлагі з папярэджаннем: “Вядзецца відэаназіранне”, таму сюрпрызам гэта для тых, хто едзе на прыроду з дрэннымі намерамі, не стане. Як паведамілі ў ДЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас”, з пачатку года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 11 чалавек. А ў работнікаў гэтай арганізацыі па-ранейшаму жыве надзея, што людзі нарэшце задумаюцца над тым, што ездзіць у лес трэба з пазітыўным настроем, для адпачынку.

Сяргей САДОЎСКІ

Фота прадастаўлена

ДЛГУ “Валожынскі лясгас”



Добавить комментарий