Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі  ШТЭЙНЕР

 З 1 мая ў Валожыне стала больш на адну кропку грамадскага харчавання: ля рэстарана “Іслач” запрацавала летняе кафэ (філіял сталовай № 2). Шацёр і большасць абсталявання прадаставіла грамхарчу ў арэнду піўная кампанія “Хайнікель”.

Унутры палаткі сем столікаў з лаўкамі, дзе могуць змясціцца больш за сорак чалавек. Устаноўлена абсталяванне для разліву свежага піва “Баброў” і кегі з квасам. Тут можна з’есці шашлык і паласавацца ў спякотны дзень марожаным. Райспажыўтаварыства набыло новыя газавую барбекюшніцу і мангал. У Дзень Перамогі выручка склала 11 мільёнаў рублёў, у звычайныя дні – каля 3-х мільёнаў. Але ж і летняй спякоты пакуль не назіраецца, калі хочацца схавацца ад яе і выпіць прахаладжальныя напіткі, а заадно і падсілкавацца.

 

Выхаванцы Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прымалі ўдзел у выставе, аформленай падчас сустрэчы Прэзідэнта Беларусі А. Р. Лукашэнкі з лідарам Кітайскай Народнай Рэспублікі, на будаўніцтве кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”.

Івянчане ўнеслі свой уклад у афармленне кутка быту беларускага народа. Былі прадстаўлены ручнікі і керамічныя вырабы самага рознага прызначэння: зручны посуд, якім карысталіся ў быце нашы продкі, і цяперашнія дэкаратыўныя рэчы, вырабленыя гурткоўцамі цэнтра творчасці. Усяго больш за 20 керамічных вырабаў. Некаторыя з іх затым былі выкарыстаны на сувеніры ў падарунак кітайскім гасцям.

 

8 каманд прынялі ўдзел у футбольным турніры памяці воіна-інтэрнацыяналіста Паўла Падрэза, які традыцыйна ладзіцца 9 Мая ў Багданаве.

Каманды з Валожына, Івянца, пасёлка Багданаў і Багданаўскага лясніцтва, Сакаўшчыны, Подберазі, Вішнева і Гародзькаў былі разбіты на дзве падгрупы. Перамогу ў гэты дзень святкавалі футбалісты гарпасёлка Івянец. Другое месца дасталася камандзе райцэнтра, трэцяе – аграгарадка Сакаўшчына. Пераможцы павезлі дадому кубак. Усе тры каманды ўзнагароджаны грашовымі прызамі і граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

 

    Юныя мастакі з Валожына ў другі раз удзельнічалі ў Міжнародным конкурсе літаратурнай і мастацкай творчасці ў польскім горадзе Кракаў. Сёлета такі творчы конкурс праводзіўся ў 15-ы раз, на яго былі дасланы каля 200 работ з 12 краін свету. У журы конкурсу ўваходзілі кракаўскія мастакі. Дзякуючы раённаму аддзелу грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна”, на конкурс у Польшчу былі адпраўлены 8 жывапісных работ.

Першае месца сярод юных мастакоў заняла вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 1 райцэнтра Вераніка Фясюн. Работа дзевяцікласніцы з гімназіі № 1 Кацярыны Навіцкай заняла трэцяе месца. Абедзве юныя мастачкі займаюцца ў Валожынскай дзіцячай школе мастацтваў. Выхаванец цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна гімназіст Улад Іваноўскі стаў лаўрэатам конкурсу. Усе нашы ўдзельнікі выступалі ў намінацыі “звыш 14-і гадоў”.

    Сталі вядомы вынікі ХIV Рэспубліканскага злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

У конкурсе сцэнарыяў “Візітная картка каманды” наш сельскагаспадарчы ліцэй заняў трэцяе прызавое месца. Аналагічнае месца прысуджана ўстанове і за арганізацыю і правядзенне першага этапу Рэспубліканскага злёту.

   

У Івянцы прайшоў адкрыты турнір па міні-футболе сярод дарослых каманд. За першае месца змагаліся шэсць каманд.

Перамаглі ў турніры гаспадары пляцоўкі – івянчане. Другое і трэцяе месцы дасталіся камандам Валожына і аграгарадка Сакаўшчына.



Добавить комментарий