Гучала музыка ў гонар знакамiтага земляка

У Івянцы адбыўся I Адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя Канстанціна Іосіфавіча Паплаўскага, які сабраў каля 100 удзельнікаў з дзіцячых школ мастацтваў Міншчыны.

У конкурсе прынялі ўдзел выхаванцы школ мастацтваў са Стоўбцаў, Нясвіжа, Жодзіна, Маладзечна, Мінска, Снова. Наш раён прадстаўлялі вучні ДШМ з Валожына, Ракава, Івянца і яе Дорскага філіяла. Кожны ўдзельнік выконваў па два рознахарактарныя і рознастылявыя творы. Паміж сабой спаборнічалі як салісты, так і ансамблі.

ДЛЯ ДАВЕДКІ: Канстанцін Іосіфавіч ПАПЛАЎСКІ – наш зямляк, нарадзіўся непадалёку вёскі Сівіца. На Валожыншчыне пражыў да 12 гадоў. Ён вядомы фалькларыст (апрацаваў больш за 100 народных беларускіх песень), кампазітар, хормайстар і дырыжор. Паплаўскі лічыцца адным з арганізатараў Дзяржаўнага народнага хору імя Цітовіча, арганізатар і кіраўнік вакальнай групы “Купалінка”. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.

У фестывалі-конкурсе былі вызначаны каля сарака прызавых месцаў. Добра зарэкамендавалі сябе і выхаванцы школ раёна. Першае месца ў старэйшай узроставай групе заняла вучаніца Ракаўскай ДШМ  Святлана Балабан (цымбалы). Таксама адзначаны за першае месца ансамбль старадаўняй музыкі з Івянца “Рарог”. Другое месца на рахунку ансамбля струнных інструментаў Ракаўскай ШМ.

Некалькі прадстаўнікоў Валожыншчыны занялі трэція прызавыя месцы. Сярод прызёраў ансамбль народных інструментаў у саставе Марыны Адамовіч і Веры Карачун з Івянецкай школы мастацтваў, баяніст з Валожына Аляксей Абрамчык і балалаечнік Уладзіслаў Чуйко з Івянца (малодшая група), баяністка Дар’я Бібік, балалаечнік Максім Строк з Івянецкай школы мастацтваў (старэйшая група).

Напружана працавалі два склада журы, у якія ўваходзілі выкладчыкі Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага, школ раёна. Адзін састаў вызначаў лепшых сярод баяністаў і акардэаністаў і ансамбляў старэйшай групы, якія выступалі ў Доме культуры. Другі – сярод ансамбляў малодшай групы і выканаўцаў на струнных інструментах, якія спаборнічалі ў малой зале школы мастацтваў. Сярод членаў журы былі дачка кампазітара Ядвіга Паплаўская і яе муж, нязменны напарнік Аляксандр Ціхановіч, з рук якіх атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды юныя музыканты.

Выкладчыца аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Івянецкай ШМ, народны майстар Леанарда Капуста разам з вучнямі вырабілі для ўсіх удзельнікаў конкурсу і членаў журы памятныя сувеніры-свістулькі. Л. Капуста таксама распрацавала эмблему конкурсу.

Падтрымала ідэю ўшанавання памяці знакамітага земляка і адно з галоўных прадпрыемстваў гарпасёлка – “Івкон”. У якасці спонсарскай дапамогі  кандытары перадалі арганізатарам 40 кілаграмаў цукерак для прэміравання лепшых музыкантаў. Першы крок зроблены, і ён, па шчасцю, не стаў “першым блінам”.  Узровень і арганізацыя конкурсу былі на ўзроўні!

Наталля ШТЭЙНЕР

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars