Шчаслiвая жанчына, жонка i матуля…

Культура

У сям’і Крымоўскіх з Багданава жонку і маці Марыну Францаўну сакрэтна называюць “палкоўнікам”. І хоць такое параўнанне больш падыходзіць да характарыстыкі мужчыны, тым не менш гэта жанчына адпавядае афіцэрскім якасцям. Нягледзячы на памяркоўны, лагодны характар, яна ўмее па-жаночаму мудра кіраваць усімі дамачадцамі. Хаця тое, што маці – камандзір у доме, ніхто яўна не выказвае, але падпарадкоўваюцца ёй беспярэчна.

Безумоўна ж, мудрасць прыходзіць з гадамі, але Марына Францаўна прыклад паводзін жанчыны ў сям’і брала са сваёй матулі – тая ніколі не сварылася і не крычала ні на каго, хаця ў хаце было шасцёра дзяцей. Слова маці з’яўлялася законам для ўсіх. Не, яна не загадвала штосьці зрабіць, а проста казала: ціха, спакойна, з ноткамі просьбы ў голасе. Вось так і Марына паводзіць сябе з двума сынамі і дачкой – спачатку хораша папросіць, а пасля хітравата падмаргне, і тыя ўжо ніяк не могуць адмовіць любімай матулі. Як зазначыла Марына Францаўна, нават падыдуць, буську дадуць, а пасля з настроем бяруцца за справу.

На вёсцы работы заўсёды стае, тым больш, што падворак Крымоўскіх лічыцца адным з узорных у пасёлку. Тут усё так прыбрана і даведзена, як кажуць, да толку, быццам штодня чакаюць гасцей. А што хаваецца за звычайнай на першы погляд чысцінёй, ведае кожная дбайная гаспадыня. “Парадак ля хаты мяне аздараўляе, – кажа Марына Францаўна. – Як паеду ў горад, раптам хварэю. Праца ж на зямлі заспакойвае: люблю агарод, грады, калі іх праполваю, атрымліваю асалоду”.

З шасцярых братоў і сясцёр толькі яна адна засталася на вёсцы і ніколі аб гэтым не пашкадавала. Разам з мужам сваімі рукамі пабудавалі харошы прасторны дом, значную дапамогу аказала кіраўніцтва Валожынскага лясгаса, дзе Аляксандр Фляр’янавіч ужо дваццаць пяць гадоў працуе памочнікам ляснічага Багданаўскага лясніцтва. Ім, як шматдзетнай сям’і, выдзелілі 50 кубоў лесу. Пасля па дзяржаўнай праграме атрымалі льготны крэдыт. Пакуль будаваліся і дзеці былі малыя, трымалі ладную гаспадарку. Цяпер шмат часу ў Марыны Францаўны забірае работа, а працуе яна майстрам-бухгалтарам на майстарскім участку “Багданава” Валожынскага лясгаса па адгрузцы гатовай прадукцыі. Спраўляецца на “выдатна” на рабоце і дома, а інакш яна не ўмее, стала складана. Таму паступова на падворку жыўнасці паменела, ды і старэйшы памочнік – сын Сяргей – стаў студэнтам ваеннага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Стала зразумела, што на вёску ён вяртацца не збіраецца. Але гэта нікога не здзівіла, бо, як кажа маці, Сяргей са школы быў інтэлігентам. Трэба адзначыць, што сёлета ён стане ўжо маладым спецыялістам, атрымае прафесію юрыста. Матуля ім вельмі ганарыцца і жадае, каб і астатнія дзеці бралі з яго прыклад ва ўсім. А вось сярэдні васьмікласнік Яўген марыць пайсці бацькавымі сцежкамі – яму падабаецца прырода і лес. Больш схіляецца да вясковага жыцця і пястуха Віка, хаця ў свае 12 гадоў яна пакуль дакладна не вызначылася, кім хоча быць.

…Не кожная жанчына можа сказаць, што яна шчаслівая – як і ў шлюбе, так і ў жыцці. А Марына Францаўна Крымоўская гэта пацвердзіла з намі ў размове. За ўсё, што мае, удзячна Богу і кожны дзень просіць Усявышняга благаславення і падтрымкі. І калі я запыталася, у чым жа сакрэт шчасця, яна адказала проста, па парадку расставіўшы прыярытэты: “Каб у хаце заўсёды хапала ежы, у сям’і панавалі згода і супакой, наўкола былі чысціня і парадак, і каб дзеці былі здаровыя”. Ніводнага слова пра грошы, дастатак, матэрыяльны дабрабыт, хаця для многіх у сучасным свеце менавіта гэта з’яўляецца асноўным у жыцці. А ісціна зусім простая: калі чалавек шчаслівы ў душы, усё астатняе абавязкова дадасца.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий